Нацыянальны індэкс правоў чалавека: вынікі 2025 года

2.07.2026
выява індэкса

Апублікаваны Нацыянальны індэкс правоў чалавека за 2025 год. Нагадаем, што ў гэтым Індэксе мы параўноўваем Беларусь з самой сабой, фіксуючы стан усяго спектра правоў чалавека з года ў год.

Спойлер: упершыню за 7 гадоў ацэнка Індэкса не знізілася ў параўнанні з папярэднім годам. Але гэта не азначае, што сітуацыя стабілізавалася. Хутчэй гэта сведчыць пра эфект набліжэння да ніжняй мяжы шкалы.

 

Пра Індэкс

Нацыянальны індэкс правоў чалавека — гэта штогадовая ацэнка сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яго з 2019 года рыхтуе група эксперт:ак беларускай грамадзянскай супольнасці пад агульнай каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Над Індэксам за 2025 год працавалі больш за 35 эксперт:ак.

Індэкс змяшчае агульную ацэнку сітуацыі, а таксама разбіўку па трох катэгорыях — сацыяльныя і эканамічныя правы, грамадзянскія і палітычныя правы, а таксама агульныя меры ў галіне правоў чалавека. Ацэньваюцца канкрэтныя правы, іх складнікі і індыкатары адпаведнасці ідэальнай сітуацыі. Аснову ацэнкі складаюць 290 колькасных індыкатараў па 10-бальнай шкале, якія суправаджаюцца экспертнымі каментарамі.

Індэкс мае тры мэты:

  • даць зацікаўленым спецыяліст:кам магчымасць хутка ацаніць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, не збіраючы інфармацыю з разрозненых крыніц;

  • паказаць, як сітуацыя змяняецца з года ў год;

  • акрэсліць напрамкі рэформаў у сферы правоў чалавека, якіх патрабуе краіна.

У 2024 годзе Індэкс быў адзначаны ў Штогадовай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека як важны інструмент для ацэнкі адпаведнасці нацыянальнага заканадаўства, палітык і практык міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

 

Вынікі 2025 года

Агульны індэкс у 2025 годзе склаў 2,4 бала з 10 — без зменаў у параўнанні з 2024 годам.

Упершыню за 7 гадоў ацэнка Індэкса не знізілася ў параўнанні з папярэднім годам: у 2019–2020 гадах Індэкс губляў па 1 бале, у 2021 годзе — 0,4 бала, у 2022-м — 0,2 бала, у 2023-м і 2024-м — па 0,1 бала. Аднак гэта не азначае, што сітуацыя стабілізавалася. Хутчэй гэта сведчыць пра эфект набліжэння да ніжняй мяжы шкалы.

Колькасць індыкатараў, якія знаходзяцца на абсалютным мінімуме (1 бал з 10), вырасла амаль у шэсць разоў — з 6 у 2019 годзе да 37 у 2025-м.

Экспертныя каментары сведчаць пра паглыбленне рэпрэсіўных практык і звужэнне прасторы для рэалізацыі нават базавых правоў.

Знізіліся ацэнкі пяці правоў:

  • права на жыццё;

  • права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі;

  • права на адукацыю;

  • права на сацыяльнае забеспячэнне;

  • права на ўдзел у культурным жыцці.

Найбольшае падзенне ў 2025 годзе зафіксавана ў сферы культурных правоў: індыкатар недыскрымінацыйнага доступу да культурнага жыцця страціў 0,5 бала — гэта найбольшае аднаразовае зніжэнне ва ўсім Індэксе. Ацэнка права на адукацыю знізілася раўнамерна па ўсіх пяці сваіх складніках — гэта не лакальны збой, а сістэмная эрозія.

Астатнія ацэнкі правоў фармальна не змяніліся, аднак унутры гэтых правоў пагоршыліся 98 з 290 індыкатараў. Пры гэтым праз разлік сярэдняга значэння выніковая ацэнка права можа заставацца ранейшай, нават калі пагоршылася траціна яго складнікаў.

Кропкавыя паляпшэнні асобных індыкатараў фіксуюцца штогод — ад 3 да 15. У 2025 годзе іх было пяць, у тым ліку пашырэнне вакцынацыі супраць ВПЧ і новыя меры па абароне права на працу людзей з інваліднасцю. Аднак ніводнае з гэтых паляпшэнняў не аказалася дастатковым, каб змяніць выніковую ацэнку адпаведнага права.

Частка парушэнняў закранае не адно, а адразу некалькі правоў. Так, прымусовае выдварэнне за мяжу памілаваных палітычных зняволеных у 2025 годзе адначасова пагоршыла паказчыкі па праве на жыццё, праве не падвяргацца катаванням, праве на свабоду і асабістую недатыкальнасць, праве на справядлівы суд і праве на ўдзел у культурным жыцці.

Поўныя дадзеныя Індэкса і экспертныя каментары.

 

Што далей

У найбліжэйшы час Беларускі Хельсінкскі Камітэт падзеліцца асобнымі знаходкамі — канкрэтнымі лічбамі і невідавочнымі сувязямі паміж правамі.

 

Пры падтрымцы

Індэкс публікуецца пры падтрымцы Каралеўства Нідэрландаў (Фонд правоў чалавека), Еўрапейскага саюза і Глабальнай ініцыятывы супраць беспакаранасці (GIAI). Яго змест адлюстроўвае выключна пазіцыю аўтараў і не абавязкова супадае з афіцыйнай пазіцыяй Каралеўства Нідэрландаў, Еўрапейскага саюза або GIAI.

 

logo Kingdom of the Netherlands (Human Rights Fund)  logo European Unionlogo Global Initiative Against Impunity (GIAI)