Накіравалі ў Спецыяльныя працэдуры ААН паведамленне па пытаннях прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў на свабоду асацыяцый і мірных сходаў

20.02.2023

Беларускі Хельсінкскі Камітэт сумесна з ПЦ "Вясна", "Прававой ініцыятывай", Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў і "Lawtrend" падрыхтавалі паведамленне на тэму прыцягнення да крымінальнай адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў на свабоду асацыяцый і мірных сходаў. Паведамленно было накіравана ў рамках прызыву Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі.

Мы расказалі пра тое, што правы на свабоду асацыяцый і мірных сходаў абароненыя крымінальным заканадаўствам. Нягледзячы на гэта, мы ўказалі на масавае парушэнне гэтых правоў, у тым ліку сур'ёзныя парушэнні, і адсутнасць рэакцыі ўладаў у выглядзе прыцягнення да адказнасці вінаватых. У прыватнасці, мы падзяліліся інфармацыяй пра 777 арганізацый, якія сутыкнуліся з прымусовай ліквідацыяй; пра ня менш як 60 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія апынуліся ў зняволенні, дзе яны пастаянна падвяргаюцца ціску; пра непрапарцыйнае выкарыстанне сілы на мірных пратэстах 2020 года, што пацягнула за сабой смерці ўдзельнікаў; пра масавыя затрыманні і катаванні.

Мы падкрэслілі, што ў Беларусі ёсць механізмы, якія дазваляюць прыцягнуць да адказнасці і атрымаць матэрыяльную кампенсацыю, і ўказалі на іх неэфектыўнасць і абсалютную залежнасць ад выканаўчай і прэзідэнцкай улады.

У той жа час, у паведамленні адлюстраваная і пазітыўная практыка ў пытанні прыцягнення да адказнасці: практыка прымянення механізма ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве, стварэнне і работа Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, лабіраванне запуску расследавання Міжнародным крымінальным судом.