Патрабуем неадкладнага вызваленння праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка

20.01.2021

Як нам стала вядома, 18 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у г. Гомеле быў затрыманы праваабаронца, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леанід Судаленка.

На дадзены момант ён з’яўляецца падазраваным па ўзбуджанай крымінальнай справе па арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змешчаны ў ІЧУ. 

Нагадаем, 5 студзеня ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс "Гомельскай вясны", прайшоў ператрус, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля вобшуку яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама вобшук правялі ў яго доме.

Таксама позна ў вечары 18 студзеня была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Марыя Тарасенка, у яе доме таксама быў праведзены ператрус. У чым яна падазраецца і ў якім працэсуалным статусе яна знаходзіцца, на дадзены момант не вядома.

Леанід Судаленка, вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, які  на працягу 20-ці гадоў займаецца абаронай правоў чалавека: аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу, у тым ліку па падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН па фактах парушэння правоў грамадзян з боку беларускіх уладаў. За сваю праваабарончую дзейнасць быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Французскай Рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства” у 2018 г., у 2019 годзе ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў 2019 годзе ў намінацыі "Праваабаронца года".

Беларускія ўлады рэгулярна пераследвалі Леаніда Судаленку за ягоную актыўную праваабарончую дзейнасць: ладзілі няўдалыя правакацыі з мэтай прыцягення яго да крымінальнай адказнасці, уносілі ў спісы для кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, намагаліся дыскрыдытаваць яго праз публікацыі на старонках падкантрольных спецлсужбам адмысловых інтэрнэт-выданняў і дзяржаўных СМІ.

Цяперашні крымінальны пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенка адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыцяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.

Так, дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, у чарговы раз адзначаем наступнае:

Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях.

Праваабарончая дзейасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю і пераслед за ажыцяўленне такой дзейнасці з’яўляецца абсалютна не прымальным, грубейшым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў.

Зыходзячы з гэтага, мы лічым пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх палітычнымі зняволенымі, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.