
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і шэраг праваабарончых арганізацый з розных краін выступілі з заявай з нагоды вызвалення палітвязняў Беларусі 13 снежня 2025 года. Адзначаецца, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліў больш за сто палітычных зняволеных пасля дамоўленасцяў са Злучанымі Штатамі аб зняцці санкцый з беларускага калію. Сярод вызваленых – вядомыя праваабаронцы і сябры "Вясны" Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч, а таксама ключавыя фігуры апазіцыі, такія як Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка і адвакат Максім Знак. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў і арганізацыі-падпісанты вітаюць гэтае доўгачаканае вызваленне, якое з'яўляецца неабходным, але недастатковым крокам, паколькі ўсе адвольна затрыманыя праваабаронцы, уключаючы былога віцэ-прэзідэнта FIDH і калегу па "Вясне" Валянціна Стэфановіча, супрацоўніцу "Вясны" Марфу Рабкову і праваабаронцу Насту Лойку, павінны быць вызваленыя неадкладна.
Абсерваторыя нагадвае, што Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года і былы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), а таксама юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч былі адвольна затрыманыя 14 ліпеня 2021 года, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці і 3 сакавіка 2023 года асуджаныя адпаведна да дзесяці і сямі гадоў пазбаўлення волі ў адплату за іх законную і мірную праваабарончую дзейнасць. Іх заключэнне ўяўляла сабой грубае парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, уключаючы правы на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду аб'яднанняў і справядлівае судовае разбіральніцтва.
Хоць іх вызваленне прыносіць доўгачаканую палёгку ім самім, іх сем'ям, калегам і праваабарончай супольнасці па ўсім свеце, Абсерваторыя падкрэслівае, што гэты крок застаецца недастатковым, пакуль сотні праваабаронцаў, журналістаў, юрыстаў, актывістаў і палітычных апанентаў працягваюць адвольна ўтрымлівацца ў Беларусі па палітычна матываваных абвінавачваннях выключна за ажыццяўленне сваіх фундаментальных свабод, а рэпрэсіі супраць беларускіх іншадумцаў працягваюцца без паслаблення. У прыватнасці, Валянцін Стэфановіч – былы віцэ-прэзідэнт FIDH, арыштаваны разам з Алесем Бяляцкім і Уладзімірам Лабковічам у ліпені 2021 года, праваабаронца і сябра «Вясны» Марфа Рабкова, якая знаходзіцца пад вартай з верасня 2020 года, а таксама заснавальніца Human Constanta Наста Лойка, адвольна затрыманая з верасня 2022 года, не былі пацверджаныя сярод вызваленых палітычных зняволеных. Разам з імі многія праваабарончыя журналісты, юрысты і прафсаюзныя актывісты па-ранейшаму знаходзяцца ў адвольным зняволенні, уключаючы Андрэя Пачобута, Кацярыну Андрэеву, Ігара Ільяша, Данііла Палянскага, Паўла Дабравольскага, Андрэя Аляксандрава і многіх іншых.
Абсерваторыя і арганізацыі-падпісанты заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і ўсіх адвольна затрыманых, спыніць судовыя пераследы і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, а таксама адмяніць рэпрэсіўнае заканадаўства, якое выкарыстоўваецца для крыміналізацыі мірнага іншадумства і свабоды выказвання меркаванняў. Улады таксама павінны забяспечыць поўную рэабілітацыю, уключаючы адмену прысудаў і аднаўленне грамадзянскіх і палітычных правоў, для ўсіх асоб, незаконна пазбаўленых волі на працягу многіх гадоў.
Абсерваторыя і арганізацыі-падпісанты таксама настойліва заклікаюць міжнародную супольнасць працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і выкарыстоўваць усе даступныя прававыя, палітычныя і дыпламатычныя меры для забеспячэння адказнасці за цяжкія парушэнні правоў чалавека і міжнародныя злачынствы, у тым ліку шляхам перадачы сітуацыі на разгляд Міжнароднага крымінальнага суда.
Арганізацыі, якія падпісалі заяву:
- Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў;
- Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMCT), у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў;
- Праваабарончы цэнтр "Вясна";
- Цэнтр правоў чалавека, Грузія;
- Фонд ILI, Казахстан;
- Інстытут грамадзянскай супольнасці, Арменія;
- Грамадскае аб'яднанне "Годнасць", Казахстан;
- Асацыяцыя Promo-LEX, Малдова;
- Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт, Нарвегія;
- Östgruppen (Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека);
- Austausch e. V., Нямеччына;
- Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК);
- Венгерскі Хельсінкскі Камітэт, Венгрыя;
- Цэнтр правоў чалавека Азербайджана, Азербайджан;
- aditus foundation, Мальта;
- LIBERECO – партнёрства за правы чалавека, Германія / Швейцарыя;
- REDRESS Інстытут правоў чалавека;
- Міжнародная асацыяцыя юрыстаў (IBAHRI);
- ARTICLE 19;
- People in Need;
- Front Line Defenders;
- Bir Duino Кыргызстан;
- АДЦ "Мемарыял";
- Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE);
- Міжнароднае таварыства за справядлівыя выбары і дэмакратыю (ISFED);
- Цэнтр правоў чалавека ZMINA, Украіна;
- Цэнтр грамадзянскіх свабод, Украіна;
- Творчы воркшоп па правах чалавека і псіхасацыяльнай устойлівасці, Польшча.




