Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі ў траўні — жніўні' 25

15.09.2025

Апублікаваны агляд асноўных трэндаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы правоў чалавека за май – жнівень 2025 года.

Каротка: узмацняецца кантроль над рознымі аспектамі асабістага жыцця і самавыяўлення.

 

Сярод трэндаў:

Дыскрымінацыя ЛГБТК+ супольнасці і людзей, якія свядома адмаўляюцца ад бацькоўства (чайлдфры)

Плануецца ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за “прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі”. Гэты артыкул (19.16 КаАП) – пакуль толькі законапраект. Аднак верагоднасць таго, што яго прымуць, вельмі высокая.

Такім чынам, з 2023 да 2025 года дзяржава прайшла шлях ад размоў да адміністратыўнай адказнасці.

Дыскрымінацыйныя палажэнні датычацца не толькі ЛГБТК+ супольнасці. Дзяржава плануе забараніць усім людзям публічна выказвацца пра важныя аспекты асабістага жыцця. Пад забарону могуць патрапіць любыя формы праяўлення ідэнтычнасці і пазіцыі ЛГБТК+ супольнасці, многія фемінісцкія погляды, праваабарончыя пазіцыі, што датычацца прасоўвання роўнасці, абароны асабістага жыцця, правоў жанчын і правоў ЛГБТК+ людзей, а таксама інфармацыйныя матэрыялы, у прыватнасці, у сферы сексуальнай асветы і сямейнага планавання, мастацкія творы і шмат іншага. 

Папраўкі ў КаАП: што яны значаць для ЛГБТК+ і чайлдфры

 

Удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах – пад кантролем дзяржавы

Уводзіцца адміністратыўная адказнасць за парушэнне парадку ўдзелу ў міжнародных конкурсах, спаборніцтвах і алімпіядах. За “незаконнае прадстаўніцтва” прадугледжаныя штрафы. Гэта таксама толькі законапраект. Аднак верагоднасць таго, што яго прымуць, вельмі высокая.

Прадстаўніцтва краіны на міжнародных конкурсах фактычна манапалізуецца дзяржавай. Нагадаем, што цяпер, калі ад краіны можа ўдзельнічаць толькі адзін прадстаўнік або каманда, удзел магчымы толькі па дзяржаўных правілах і з дазволу ўпаўнаважаных органаў. Гэты парадак быў замацаваны ўказам прэзідэнта ў канцы 2024 г.

Увядзенне адміністратыўнай адказнасці яшчэ мацней абмяжуе прастору для самавыяўлення і аўтаномію грамадзянскай супольнасці.

 

Дзяржаўная манаполія школьнай адукацыі

Уведзена забарона на анлайн-навучанне ў замежных школах для дзяцей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. З улікам амаль поўнай ліквідацыі прыватных школ фактычна ўведзена дзяржаўная манаполія ў сферы сярэдняй адукацыі.

 

Права на прыватнае жыццё

Сілавікі атрымалі новую магчымасць бяскантрольнага доступу да асабістай інфармацыі. На гэты раз: кругласутачны доступ да адзінай сістэмы паштовых адпраўленняў.

У 2024 г.: транспарт, банкі, пашыраныя паўнамоцтвы СК у частцы доступу да персанальных дадзеных.

 

Доступ да прафесіі

Спіс прафесій, якія патрабуюць палітычнай лаяльнасці, працягвае расці. З мая па жнівень 2025 года пад больш жорсткі кантроль дзяржавы трапілі рыэлтары, аўдытары і антыкрызісныя кіраўнікі. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі таксама сутыкнуліся з чарговымі абмежаваннямі.

 

Рэгуляванне знешняй працоўнай міграцыі: дадатковыя абмежаванні працадаўцы і парушэнне правоў мігрантаў

Прыняты ўказ № 202 “Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі”. Ён падаецца як крок да больш эфектыўнага рэгулявання, а на самай справе ставіць у больш уразлівае і дыскрымінацыйнае становішча як працоўных мігрантаў, так і іх працадаўцаў.

  • Працадаўцы атрымліваюць неадпаведныя для іх кантралюючыя функцыі: фактычна становяцца сумессю кантралюючага органа і “класнага кіраўніка”.

  • Абмяжоўваецца права мігранта на свабоду працы.

  • Адсутнічаюць працэсуальныя гарантыі для абодвух бакоў.

 

Абмежаванне ў пенсійным забеспячэнні людзей, якія ўтрымліваюцца ў зняволенні

Адміністраванне пенсій асуджаных перадаецца ад ФСАН выправенча-працоўным установам. Гэта стварае рызыку дыскрымінацыі: пенсіянеры ў зняволенні фактычна пазбаўляюцца магчымасці свабодна распараджацца сваімі сродкамі, у адрозненне ад пенсіянераў на волі. Ці, прынамсі, такое распараджэнне будзе істотна ўскладнена.

Нагадаем, раней былі пашыраныя падставы для ўтрымання з пенсіі. Цяпер з пенсіянераў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, могуць рабіцца ўтрыманні для пакрыцця кошту харчавання, камунальных паслуг, сродкаў асабістай гігіены, адзення і абутку.

 

Мілітарызацыя адукацыі: агульнаабавязковыя вучэбна-палявыя зборы для ўсіх 10-класнікаў

З 2026 г. у Беларусі ўводзяцца абавязковыя вучэбна-палявыя зборы для ўсіх 10-класнікаў. Раней 10-дзённыя абавязковыя зборы былі толькі ў кадэтаў і сувораўцаў. Цяпер жа з 26 мая па 5 чэрвеня, адразу пасля заканчэння навучальнага года, зборы стануць абавязковымі для ўсіх вучняў 10-х класаў.

З 2021 па 2025 гады сістэма адукацыі мілітарызуецца: ад вяртання пасады ваенрука ў школах да ўвядзення ўсеагульных збораў. Акрамя ідэалагічнага ціску, гэта ставіць пытанні аб парушэнні правоў дзіцяці, уключаючы свабоду сумлення і мэты адукацыі.

 

Пра агляд

У гэтым аглядзе мы асвятляем найбольш значныя змены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці па трох кірунках:

  • агульныя меры: сістэмныя рэчы  заканадаўства, стратэгіі, палітыкі, якія ў цэлым вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне;
  • правапрымяняльная практыка: канкрэтныя парушэнні грамадзянскіх і палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў
  • ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур, звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Наша аналітыка дапаможа лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дасць магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах (палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферы і г.д.), будзе карыснай для выпрацоўкі стратэгій і пазіцый. 

 

Падпішыцеся на аналітыку трэндаў з правамі чалавека ў Беларусі ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту