Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі: верасень — снежань' 25

29.01.2026
Вокладка агляду з дзіцячым малюнкам птушкі

Агляд асноўных трэндаў у галіне правоў чалавека за верасень–снежань 2025 года апублікаваны, разам з кароткай прэзентацыяй, якая абагульняе сітуацыю за ўвесь 2025 год (даступная ў рускай мове).

 

Пра агляд

У гэтым аглядзе мы асвятляем найбольш значныя змены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыі на яе з боку міжнароднай супольнасці па трох кірунках:

  • Агульныя меры: сістэмныя змены — заканадаўства, стратэгіі, палітыкі, якія вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне;
  • Правапрымяняльная практыка: канкрэтныя парушэнні грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў;
  • Ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур: звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Наша аналітыка дапаможа лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, а таксама пашырыць праваабарончы фокус аналітыкі ў сумежных галінах (палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферы і г.д.). Яна будзе карыснай для выпрацоўкі стратэгій і пазіцый.

Даведацца пра ўсе выпускі і матэрыялы можна на сайце trends.belhelcom.org.

 

Рэзюме

→ З 2023 г. мы фіксуем трэнд рэпрэсіўнага ціску на людзей за сам факт наяўнасці прававой сувязі з замежнай дзяржавай (замежнае грамадзянства або ВНЖ) і фактычную крышталізацыю такой падставы ў асобную падставу для дыскрымінацыі. У канцы 2025 г. — чарговая праява:

Па-першае, прапануецца (пакуль на стадыі законапраекта) пашырыць кола грамадзян Беларусі, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі і ўключыць туды: а. грамадзян Беларусі на тэрыторыі Беларусі, якія маюць іншае грамадзянства або від на жыхарства ў замежнай дзяржаве; б. грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і сталі на консульскі ўлік, аформілі пастаяннае пражыванне за межамі Рэспублікі Беларусь. Па аналогіі з “пашпартным указам” можна меркаваць, што гэтая мера накіраваная на беларусаў, якія з'ехалі па палітычных матывах, аднак, як і ў выпадку з “пашпартным указам”, “прычэпам” пад яе будуць трапляць усе грамадзяне Беларусі, якія пастаянна жывуць за мяжой або маюць замежны ВНЖ.

Па-другое, гэтым жа законапраектам прапануецца пашырыць пералік персанальных звестак асобаў, якія перасякаюць мяжу, што перадаюцца дзяржаве і ўключыць туды, акрамя звестак, што перадаюцца авія- і чыгуначнымі перавозчыкамі — дадзеныя пасажыраў аўтамабільных перавозак. Такая норма таксама ўскосна тычыцца адвольнага збору і захоўвання звестак, і ў цэлым кантролю за ўсімі, хто ездзіць у заходнія краіны. Зыходзячы з сукупнасці фактараў (уключаючы трэнды праверак на мяжы), верагодна, асаблівы акцэнт улады робяць на людзях, якія ездзяць у асноўныя краіны знаходжання палітычнай эміграцыі — Польшчу і Літву, — краіны, у якіх мяжа з Беларуссю сёння можа быць перасечаная выключна на аўтамабільным транспарце. Аднак, зноў жа, ёю будуць закранутыя ў прынцыпе ўсе, хто перасякае мяжу такім спосабам. Такая мера ілюструе чарговыя крокі да “жалезнай заслоны” савецкага ўзору і чарговы віток руху ў бок таталітарызму.

→ Прапанаваныя змены па абавязковай дактыласкапіі ілюструюць крокі да "жалезнай заслоны" і ўмацаванне агульнага трэнду антывестэрнізму, які суправаджае палітыку беларускага рэжыму пасля 2020 г. і ў частцы стаўлення да іншаземцаў. У тым ліку істотна пашыраецца кола замежных грамадзянаў, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапіі. Сярод іншых туды трапляюць тыя, у дачыненні да каго органы памежнага кантролю прынялі такое рашэнне, зыходзячы з інтарэсаў нацыянальнай бяспекі. Адпаведна, памежнікі надзяляюцца паўнамоцтвамі па правядзенні дактыласкапіі.

→ Пашырыліся фармальныя магчымасці сілавых органаў па пазасудовым абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, паслуг электрасувязі і інтэрнэт-паслуг юрыдычным і фізічным асобам. Прасцей кажучы, цяпер яны могуць блакаваць сайты і адключаць ад інтэрнэту і паслуг сотавай сувязі любую асобу, калі палічаць, што ёсць "звесткі аб выяўленым парушэнні закона, прычынах і ўмовах, якія спрыяюць здзяйсненню злачынства".

→ Працягваецца пашырэнне спіса прафесій, доступ да якіх абумоўлены фармальнымі патрабаваннямі лаяльнасці ўладзе. Да існуючага спісу дадаліся экскурсаводы і гіды-перакладчыкі (2023 і 2024); натарыусы і педагагічныя работнікі (2024), рыэлтары, антыкрызісныя кіраўнікі і аўдытары (май–жнівень 2025); у перыяд з верасня па снежань 2025 года дадаліся асобныя катэгорыі банкаўскіх работнікаў: "ключавыя службовыя асобы і спецыялісты банкаў", уключаючы кіраўнікоў, іх намеснікаў, адказных за рызыкі, унутраны кантроль, аўдыт, а таксама іншых асобаў, што займаюць ключавыя пасады, і прэтэндэнтаў на гэтыя пасады.

→ Улады больш шчыльна рэгламентавалі і ўзмацнілі жорсткасць патрабаванняў да акрэдытацыі юрыдычных асоб для правядзення апытанняў грамадскай думкі. З'явіўся адзіны дакумент (назамен некалькіх разрозненых). Сярод іншага ён уводзіць дадатковыя патрабаванні да акрэдытацыі, а менавіта адсутнасць уласнікаў маёмасці юрыдычных асоб, якія прэтэндуюць на акрэдытацыю, іх удзельнікаў і кіраўнікоў у пераліках арганізацый і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці.

→ Пашыраны функцыі арміі і падставы для ўвядзення ваеннага становішча. Па-першае, да задач узброеных сіл у мірны час цяпер аднесены ўдзел у недапушчэнні развязвання ўнутранага ўзброенага канфлікту, а ў выпадку яго развязвання — удзел у яго вырашэнні; па-другое, палажэнні аб падставах увядзення ваеннага становішча ў законе «Аб ваенным становішчы» прыведзены ў адпаведнасць з новай Ваеннай дактрынай 2024 года, якая істотна пашырыла спіс ваенных пагроз. Гэта стварае прастору для адвольнага тлумачэння і прымянення, асабліва ўлічваючы, што вызначэнне «ўнутранага ўзброенага канфлікту» ў Ваеннай дактрыне не адпавядае міжнароднаму гуманітарнаму праву.

→ Чарговае ўзмацненне жорсткасці ў дачыненні да «незанятых у эканоміцы». Цяпер павышаныя тарыфы налічваюцца на ўвесь аб'ём жыллёва-камунальных паслуг па прыналежных ім кватэрах, нават калі ў кватэры жывуць працуючыя людзі (раней толькі адносна іх долі). Такая мера можа разглядацца як форма «пакарання» тых, хто з'ехаў, і ўводзіць элемент «калектыўнай адказнасці» для людзей, якія жывуць з імі або ў іх кватэрах.

→ Сярод новых практык за перыяд верасня–снежня 2025 года асноўнымі з'яўляюцца: гвалтоўны вываз вызваленых палітвязняў на тэрыторыю ваюючай дзяржавы (Украіны); працяг рэпрэсій у дачыненні да гвалтоўна вывезеных людзей, у тым ліку абумоўлены іх нявызначаным прававым статусам; чарговае ўзмацненне жорсткасці супрацьпраўных практык у дачыненні да «дармаедаў».

→ У сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці па шэрагу «палітычных» артыкулаў улады робяць розныя крокі, уключаючы фармальна правамерныя — вызваленне ад адказнасці па арт. 342 КК і перакваліфікацыю яе на адміністрацыйную. Аднак пазітыўным трэндам гэта не з'яўляецца: многіх асобаў аб'яўлялі ў вышук, а перакваліфікаваных усё роўна ўносілі ў спісы «экстрэмістаў». Гэтыя разрозненыя дзеянні адлюстроўваюць нелінейнасць сістэмы, адсутнасць стратэгічнага планавання, дэфіцыт рэсурсаў і ўплыў суб'ектыўнага фактару.

 


Агляды «Права чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі» выходзяць пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Іх змест адлюстроўвае выключна погляды і меркаванні аўтараў і не абавязкова супадае з афіцыйнай пазіцыяй Еўрапейскага саюза.

Co-funded by the European Union