Умацаванне патэнцыялу беларускага грамадства ў процідзеянні дыскрымінацыі

6.12.2024

Адукацыя для юрыст:ак – адкрыццё інфармацыйнага пункта Савета Еўропы для беларуса:к у Вільні – канцэпт антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Савет Еўропы працягвае паслядоўна падтрымліваць умацаванне патэнцыялу беларускіх экспертаў у сферы роўнасці і недыскрымінацыі. Беларускі Хельсінкскі Камітэт ўносіць свой экспертны ўклад у гэтую працу.

4–5 снежня 2024 года прайшоў двухдзённы семінар «Еўрапейскія стандарты роўнасці і антыдыскрымінацыі».

Мерапрыемства ладзіцца ў рамках сумеснай праграмы Еўрасаюза і Савета Еўропы «Партнёрства дзеля добрага кіравання» і праграмы Савета Еўропы «Дзейнасць па супрацоўніцтву з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю ў галіне антыдыскрымінацыі». Мерапрыемства накіравана на падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і дзеячаў грамадзянскай супольнасці ва ўмацаванні іх разумення і адстойвання роўнасці і антыдыскрымінацыі ў адпаведнасці з досведам Еўрапейскага саюза і стандартамі Савета Еўропы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў падчас сесіі адкрыцця, Ерун Шокенбрук, дырэктар па роўных правах і годнасці ў Радзе Еўропы, сказаў: «Гэтая ініцыятыва ўяўляе сабой не толькі прыхільнасць роўнасці і інклюзіі, але і значны крок наперад у пашырэнні магчымасцей беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці для эфектыўнага адстойвання правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў. Рэсурсы навучання, даступныя на беларускай мове, дапамогуць забяспечыць эфектыўнае прыняцце стандартаў Рады Еўропы ўсімі”.

Кацярына Дзяйкала, якая прадстаўляе Беларускі Хельсінкскі Камітэт: «Гэтым мерапрыемствам мы хацім падтрымаць патэнцыял і ўстойлівасць тых, хто можа ўнесці свой уклад у рэалізацыю прынцыпаў і каштоўнасцяў роўнасці і недыскрымінацыі ў беларускім грамадстве. Адаптацыя рэсурсаў на беларускую мову дасць магчымасць дзеячам грамадзянскай супольнасці лепш адстойваць і прасоўваць правы чалавека ў кантэксце нарастаючай культурнай, адукацыйнай і прававой экспансіі Расіі. Гэта адчувальная дэманстрацыя падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа».

Гэта мерапрыемства стала першым у серыі трэнінгаў па еўрапейскіх антыдыскрымінацыйных стандартах, арганізаваных Саветам Еўропы ў супрацоўніцтве з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам. На працягу наступных месяцаў удзельні:цы з падтрымкай экспертак БХК змогуць прайсці анлайн-курсы HELP, перакладзеныя на беларускую мову. (Заўв.: гэтая серыя трэнінгаў з’яўляецца адным з мерапрыемстваў, узгодненых на 2024–2025 гады ў рамках Кантактнай групы і падтрыманага Камітэтам Міністраў у студзені 2024 года.)

Падпішэцеся на нашу рассылку для НДА, прафесіяналаў у галіне права і актывістаў, каб атрымліваць інфармацыю пра падобныя адукацыйныя магчымасці.

Намеснік Дырэктара па палітычных пытаннях і знешніх сувязях Рады Еўропы Крысціян Урсэ падкрэсліў больш шырокія наступствы семінару: «Супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю з’яўляецца ключавым прыярытэтам Рады Еўропы. Гэты праект з'яўляецца часткай дзейнасці пад эгідай Кантактнай групы Савета Еўропы, створанай у 2022 г. для аказання падтрымкі і экспертызы па еўрапейскіх стандартах беларускім калегам. Нядаўна падпісанае пагадненне паміж Саветам Еўропы і Урадам Літвы аб заснаванні Інфармацыйнага Пункту для беларусаў у Вільні паспрыяе актывізацыі нашых намаганняў у гэтай сферы”. 

Таксама нагадаем, што вясной 2024 года была прадстаўлена Канцэпцыя сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі, у тым ліку Закон «Аб роўнасці і недыскрымінацыі», – адзін з элементаў комплекснай прававой рэформы, якая неабходна Беларусі. 

Дакумент распрацаваны ў рамках рэалізацыі Плана дзеянняў на 2023 год, прынятага Кантактнай групай па Беларусі Савета Еўропы, з удзелам эксперт:ак беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, эксперт:ак Савета Еўропы пры агульнай каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.

Пасля дэмакратычнага транзіту гэты дакумент:

  • можа стаць асновай/падмуркам для заканадаўства аб роўнасці і недыскрымінацыі, у тым ліку для прыняцця Закона «Аб роўнасці і недыскрымінацыі»;

  • можа выкарыстоўвацца судамі для тлумачэння існуючых нормаў ДА прыняцця закона;

  • можа выкарыстоўвацца для распрацоўкі больш дэталёвых дакументаў (рэкамендацый і тлумачэнняў) для суддзяў, пракурораў і дзяржслужачых сістэмы юстыцыі.

 

Цяпер гэты дакумент карысны як:

  • арыенцір для распрацоўкі рэформаў у іншых сферах (у тым ліку эканомікі, адукацыі, медыцыны);

  • інструмент для спецыяліст:ак у галіне юрыспрудэнцыі і дзяржкіравання для павышэння кваліфікацыі;

  • інструмент для папулярызацыі і змянення адносін да тэмы дыскрымінацыі ў грамадстве, у тым ліку яе карэктнага разумення;

  • нагода для грамадскай дыскусіі.