Заява праваабарончай кааліцыі з нагоды адвольнага прызнання нядзейнымі пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь

10.04.2026

У сувязі з тым, што сталі вядомыя факты адвольнага прызнання ўладамі нядзейнымі пашпартоў былых палітвязняў, прымусова высланых з Беларусі пасля вызвалення ў верасні і снежні 2025 года, мы, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем наступнае:

Абарона сваіх грамадзян – базавая функцыя і абавязак дзяржавы. Арт. 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Пашпарт з’яўляецца адной з праяў суверэнітэту дзяржавы і пацвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржавай як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой.

Асабліва падкрэсліваем, што пашпарт – гэта не проста адміністрацыйны дакумент, але пацвярджэнне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека. Нягледзячы на тое, што адсутнасць дзейнага пашпарта de jure не вядзе да страты грамадзянства, яна стварае сітуацыю фактычнага безграмадзянства (de facto statelessness), закранае годнасць чалавека і перашкаджае рэалізацыі многіх яго базавых правоў, у тым ліку права на роўнае абыходжанне (недыскрымінацыю) (арт. 26 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 22 Канстытуцыі), права на прызнанне правасуб’ектнасці (арт. 16 Пакта), права на свабоднае перамяшчэнне (арт. 12 Пакта), права на неўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё (арт. 17 Пакта), права ўступаць у шлюб і ствараць сям’ю (арт. 23 Пакта), права ўласнасці (арт. 44 Канстытуцыі).

У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Арт. 59 Канстытуцыі замацоўвае абавязак дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

Адвольнае прызнанне нядзейнымі пашпартоў людзей, якія пераследуюцца з палітычных прычын, з’яўляецца не проста адмовай дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян, але наўмысным злоўжываннем уладай з боку дзяржаўных органаў, якія мусяць забяспечваць абарону правоў грамадзян. Гэта дадатковая рэпрэсіўная мера (а таксама новая практыка ў кантэксце трансгранічных рэпрэсій) у дачыненні да людзей, якія ўжо падвергліся адвольнаму крымінальнаму пераследу і панеслі несправядлівае пакаранне за рэалізацыю сваіх законных правоў і свабод.

Пры гэтым сам факт прымусовага выдварэння гэтых людзей надае іх становішчу асаблівую ўразлівасць і складае асобнае парушэнне як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародна-прававых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь (гл. заяву кааліцыі ад 22.12.2025 г.). Прызнанне нядзейнымі пашпартоў (нават пры фізічнай адсутнасці пашпарта на руках) у дадатак да прымусовай высылкі дэманструе не толькі неправамернасць такіх дзеянняў, але і асаблівы цынізм уладаў, якія імкнуцца любымі даступнымі спосабамі пагоршыць становішча, падоўжыць пакуты і прыніжэнне годнасці людзей, што пераследуюцца паводле палітычных матываў.

Нагадваем, што адмова ўладаў Беларусі ад абароны ўласных грамадзян у якасці трансгранічнай рэпрэсіўнай меры носіць значна шырэйшы характар і датычыць не толькі вызваленых і прымусова вывезеных людзей. Працягвае дзейнічаць Указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўленні дзеянняў» ад 04.09.2023 г. («пашпартны ўказ»), якім была скасавана частка функцый замежных устаноў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па выдачы і абмене пашпартоў. У выніку тысячы грамадзян Беларусі, у тым ліку іх нованароджаныя дзеці, застаюцца без базавага дакумента, які пацвярджае асобу, і, як вынік, без магчымасці паўнавартаснага сацыяльнага жыцця і рэалізацыі шэрагу правоў. Колькасць такіх людзей няспынна павялічваецца.

Мы таксама канстатуем, што адвольнае прызнанне пашпартоў нядзейнымі можа разглядацца як частка дзяржаўнай палітыкі, якая прадугледжвае шырокамаштабны і сістэматычны напад на насельніцтва як кантэкстуальны элемент злачынстваў супраць чалавечнасці ў разуменні кваліфікацыі Міжнароднага крымінальнага суда ў кантэксце расследавання сітуацыі Літва/Беларусь.

 

У сувязі са сказаным, мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь:

  • выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь і стварэнні ўмоў для рэалізацыі іх правоў належным чынам, без дыскрымінацыі паводле прыкметы палітычных перакананняў або паводле іншых прыкмет, у прыватнасці:

  • спыніць практыку адвольнага прызнання пашпартоў нядзейнымі;

  • забяспечыць аднаўленне дзеяння пашпартоў;

  • адмяніць Указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўленні дзеянняў» ад 04.09.2023 г. і аднавіць выкананне замежнымі ўстановамі Беларусі функцыі выдачы і абмену пашпартоў.

 

Заклікаем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў, у тым ліку тых, хто ўдзельнічае ў перамовах наконт вызвалення:

  • прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, якія абмяжоўваюць у правах грамадзян Рэспублікі Беларусь, вызваленых у выніку перамоў;

  • прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, якія абмяжоўваюць у правах іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, што засталіся без дзейнага пашпарта з віны ўладаў, а таксама для адмены Указа № 278 («пашпартнага ўказа»);

  • аказваць максімальнае садзейнічанне ў легалізацыі на тэрыторыі замежных дзяржаў прымусова высланым і іншым грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія засталіся без дзейнага пашпарта з віны ўладаў Беларусі;

  • разглядаць названыя практыкі як форму трансгранічных рэпрэсій і ўлічваць іх пры ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

 

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Lawtrend

Human Constanta

Беларускі ПЭН

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Прававая ініцыятыва

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў