Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, заяўляем.
Канчаткова страціўшы падтрымку народа, што найбольш красамоўна выявілася ў выніках прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года, Аляксандр Лукашэнка і сілавыя, адміністрацыйныя і прапагандысцкія дзяржаўныя структуры, якія падтрымалі яго, зрабілі стаўку на беспакараны гвалт у якасці інструмента ўтрымання ўлады. Пры дапамозе невытлумачальнай жорсткасці, якая ўзрушыла ўвесь дэмакратычны свет, былі задушаныя вулічныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту. Назвы месцаў зняволення сталі сінонімам катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, а сотні прадстаўнікоў сілаў правапарадку ў адзін дзень ператварыліся ў катаў.
У першыя ж дні мірных пратэсных выступленняў ахвярамі злачынных па сваім змесце дзеянняў прадстаўнікоў МУС і сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл сталі тысячы затрыманых і збітых, сотні людзей, якія атрымалі раненні ў выніку ўжывання зброі; не менш за тры чалавекі загінула.
Адным са знакавых сімвалаў ахвярнага негвалтоўнага супраціву таталітарызму ў Беларусі стала гісторыя Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада 2020 года за сваю грамадзянскую пазіцыю ў выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і ўхвалы ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Аляксандра Лукашэнкі.
Гэты ж выпадак стаў сімвалам сімбіёзу хлуслівых маніпуляцый і бяздзейнасці ўладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, якія прывялі да таго, што вінаватыя ў відавочным злачынстве засталіся дагэтуль беспакаранымі. Лёс расследавання гэтай справы паўтарыў лёс каля 5 000 справаў аб ужыванні катаванняў ды іншых забароненых дзеянняў у дачыненні да пратэстоўцаў і іншадумцаў, пакінутых уладамі цягам трох гадоў без расследавання: каты засталіся беспакаранымі, а ахвяры і сілы грамадзянскай супольнасці, якія выступілі ў іх падтрымку, падвергліся беспрэцэдэнтным рэпрэсіям і пераследу, уключна з пазбаўленнем волі.
Беспакаранасць злачынная, таму што яна спарадзіла новыя злачынствы. Тым больш злачынная беспакаранасць найбольш цяжкіх парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці, элементамі якіх сталі катаванні, выкраданні людзей па палітычных матывах, дэпартацыя, зняволенне ў турму ды іншае жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды ў парушэнне асноватворных нормаў міжнароднага права, пераслед, якія сталі паўсядзённымі і штодзённымі ў сучаснай Беларусі.
Вынікам беспакаранасці стала паслабленне дзяржаўнага суверэнітэту, што пацягнула ўцягванне Беларусі ў злачынную падтрымку агрэсіі Расейскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны.
Беспакаранасці і працягу злачынстваў павінен быць пакладзены канец.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, патрабуем ад уладаў адмовіцца ад далейшага нагнятання страху і рэпрэсій, пераследу палітычных апанентаў і іншадумцаў; вызваліць усіх палітвязняў і адмяніць палітычна матываваныя прысуды.
Мы настойваем на ўстанаўленні вяршэнства права, прызнанні каштоўнасці правоў чалавека, правядзенні расследавання ўсіх злачынстваў супраць правоў і свабод.
Мы ўпэўненыя ў няўхільнасці пакарання за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці для недапушчэння іх паўтарэння ў будучыні.
Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і дэмакратычныя дзяржавы прымаць больш эфектыўныя меры па спыненні беспакаранасці.
Мы просім аб салідарнасці з народам Беларусі!
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая iнiцыятыва;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Lawtrend.