Зварот у Cпецыяльныя працэдуры ААН у сувязі са знікненнем Арцёма Дубскага

17.05.2022

Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Рабочую групу па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях, да Спецыяльных дакладчыкаў па пытанні аб катаваннях і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з тэрміновым паведамленнем аб знікненні Арцёма Дубскага, а таксама aб катаваннях і жорсткім абыходжанні ў дачыненні да яго, якія папярэднічалі знікненню.

Нагадаем, Арцём Дубскі – былы актывіст "Маладога фронту". Фігурант "Працэсу 14-ці" (удзельнічаў у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у 2008 г., атрымаў год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму). Арцём прыехаў у Беларусь 10 траўня, каб наведаць родных. Яго брат Ілля — палітвязень, ў 2021 годзе прысуджаны да 5 гадоў калоніі.

У паведамленні мы падзяліліся дэталямі знікнення Арцёма Дубскага. 11 траўня ён быў затрыманы ў Менску і дастаўлены ў КДБ для правядзення допыту. Уначы 12 траўня Арцём быў вызвалены з КДБ з патрабаваннем вярнуцца а 14:30 для "аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў". Калі Дубскі вяртаўся ў Асіповічы пасля допыту, за ім да самага дома ішла легкавая машына з трыма "людзьмі ў масках". Раніцай да легкавой машыны далучыўся мікрааўтобус. 12 траўня ў 12 гадзін дня Арцём выйшаў на вуліцу і не вярнуўся. З таго часу Арцём не выходзіць на сувязь.

Мы звярнулі ўвагу на тое, што пры затрыманні Арцём быў моцна зьбіты, а таксама на неналежнае абыходжанне з Арцёмам непасрэдна ў КДБ.

З 12 траўня сваякі Арцёма Дубскага і праваабаронцы спрабуюць высветліць, дзе знаходзіцца Арцём. У міліцыі сцвярджаюць, што не ведаюць, дзе ён. Наяўнасць Дубскага адмаўляюць у КДБ, у ЦІП на Акрэсціна і ў СІЗА.

У сваім паведамленні мы падкрэслілі, што падобная практыка, калі чалавек знікае і доўгі час не выходзіць на сувязь, не з'яўляецца новай у Беларусі. Дадзеная практыка ўплывае і на сваякоў затрыманых, прымушае іх адчуваць моцныя пакуты ў сувязі з недасведчаньнем пра лёс блізкага чалавека.

Мы патрабуем ад беларускіх уладаў спыніць падобную практыку, забяспечыўшы ўсім затрыманым іх працэсуальныя правы, а таксама неадкладна інфармаваць сваякоў пра месцазнаходжанне затрыманых.