
Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) апублікаваў даклад «Беларусь і УПА: параўнанне цыклаў 2020 і 2025 гг.», у якім параўнаў рэкамендацыі, атрыманыя Беларуссю ў межах трэцяга і чацвёртага цыклаў Універсальнага перыядычнага агляду (УПА/UPR), і рэакцыю беларускіх уладаў на іх. У 2025 годзе Беларусь атрымала рэкордныя 332 рэкамендацыі ад 101 дэлегацыі, прычым роўна палову з іх — 166 — улады не прынялі.
Для каго?
Мы разлічваем, што даклад будзе карысны дзяржавам, якія рыхтуюць рэкамендацыі Беларусі да наступных цыклаў УПА, бо аналіз паказвае, якія фармулёўкі ўлады схільныя прымаць, а якія паслядоўна адхіляюць.
Гэта таксама інструмент для праваабарончых арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць над альтэрнатыўнымі дакладамі і адвакатаваннем: у даследаванні сабраныя тэмы, якія пакуль засталіся па-за парадкам дня УПА, але патрабуюць увагі міжнароднай супольнасці.
Нарэшце, даклад можа быць карысны журналістам і даследчыкам, якім патрэбны структураваны агляд таго, як змянялася (ці не змянялася) сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія пяць гадоў.
Галоўнае:
-
Завяршэнне трэцяга цыкла Універсальнага перыядычнага агляду (2020–2025) і пачатак чацвёртага (2025–2030) адбываліся ва ўмовах істотнага скарачэння супрацоўніцтва дзяржавы з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі. Таму механізм УПА набывае асаблівае значэнне як адна з нямногіх універсальных пляцовак, на якой Беларусь працягвае ўдзельнічаць у міжнародным дыялогу па пытаннях правоў чалавека.
-
Колькасць рэкамендацый Беларусі расце ад цыкла да цыкла: 93 (2010) → 257 (2015) → 266 (2020) → 332 (2025). Чацвёрты цыкл таксама стаў рэкордным паводле колькасці дэлегацый, якія ўзялі ўдзел у дыялогу, — 101.
-
У рэкамендацыях 2020 і 2025 гадоў паўтараюцца многія ключавыя праблемы: пытанні супрацоўніцтва з міжнароднымі механізмамі, свабоды выказвання меркавання, свабоды асацыяцый і мірных сходаў, незалежнасці судовай сістэмы, прадухілення катаванняў, забароны смяротнага пакарання, стварэння нацыянальнай праваабарончай установы і далучэння да міжнародных дамоваў. Паўтаральнасць гэтых рэкамендацый сведчыць не толькі пра адсутнасць прагрэсу, але ў многіх выпадках — і пра далейшае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека.
-
У цыкле 2025 года ўпершыню ў такім аб’ёме прагучалі рэкамендацыі аб правах ЛГБТК+ людзей, інструменталізацыі мігрантаў, удзеле Беларусі ў вайне супраць Украіны, вяртанні да міжнародных абавязацельстваў, ад якіх краіна адмовілася пасля 2020 года, а таксама аб адказнасці за парушэнні правоў чалавека.
-
Пры гэтым шэраг тэм, якія актыўна ўздымаліся грамадзянскай супольнасцю пры падрыхтоўцы да агляду, у выніковыя рэкамендацыі так і не трапіў. У прыватнасці, па-за парадкам дня засталіся: экалагічныя і кліматычныя правы, культурныя правы, пытанне ідэалагізацыі і мілітарызацыі адукацыі, крыміналізацыя дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый, ліквідацыя палітычных партый і пытанні палітычнага плюралізму. БХК лічыць, што гэтыя тэмы неабходна дадаткова трымаць у фокусе пры падрыхтоўцы да наступнага цыкла УПА.
-
Палову рэкамендацый чацвёртага цыкла ўлады не прынялі — 166 з 332.
-
Базавая логіка ўзаемадзеяння ўладаў з УПА выглядае наступным чынам: як правіла, падтрымліваюцца рэкамендацыі, якія прадугледжваюць «абавязацельствы дзеяння» («працягваць намаганні», «разгледзець магчымасць»), а адхіляюцца рэкамендацыі, якія прадугледжваюць «абавязацельствы выніку», — канкрэтныя заканадаўчыя, інстытуцыйныя або палітычныя змены. Таксама адхіляюцца рэкамендацыі, у самім тэксце якіх зафіксавана парушэнне з боку Беларусі.
-
Рэакцыя Беларусі ў 2025 годзе прыкметна змянілася: замест прызнання рэкамендацый ужо рэалізаванымі ўлады часцей выкарыстоўваюць катэгорыю «прынята да выканання». Аднак гэтая змена мае хутчэй тэхнічны характар і не сведчыць пра большую адкрытасць да рэформаў.
-
Аналіз БХК паказвае, што на рэакцыю Беларусі ўплывае не толькі змест рэкамендацыі, але і палітычны кантэкст адносін з дзяржавай-аўтарам. Рэкамендацыі дзяржаў, якія падтрымліваюць цесныя адносіны з Беларуссю, падтрымліваюцца часцей, тады як рэкамендацыі дэмакратычных дзяржаў нярэдка адхіляюцца, нават калі паводле зместу яны супадаюць з ужо прынятымі рэкамендацыямі іншых краін.
-
У цэлым вынікі чацвёртага цыкла УПА сведчаць пра тое, што ўдзел Беларусі ў гэтым механізме ўсё больш набывае фармальны характар. Нягледзячы на захаванне ўзаемадзеяння з працэдурай агляду і падтрымку значнай часткі рэкамендацый, дзяржава пераважна прымае рэкамендацыі агульнага характару і паслядоўна адхіляе прапановы, якія патрабуюць канкрэтных рэформаў, незалежнага кантролю або ўзмацнення падсправаздачнасці дзяржавы.
Поўны тэкст даклада (на рускай мове)
Памятка для арганізацый грамадзянскай супольнасці па ўдзеле ў працэсе УПА (UPR)
Для даведкі: Беларускі Хельсінкскі Камітэт шмат гадоў паслядоўна працуе з механізмам Універсальнага перыядычнага агляду (УПА/UPR) па Беларусі. Пад агульнай каардынацыяй БХК кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый рыхтавала супольныя даклады да УПА ў 2020, 2023 і 2025 гадах.
