Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем тэрытарыяльных выбарчых камісій

Назіранне ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў у абласных цэнтрах і найбуйнейшых гарадах Беларусі.  

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

  1. Выбарчыя камісіі з’яўляюцца адным з ключавых механізмаў выбарчага працэсу пры правядзенні мясцовых выбараў, ад працы якіх залежыць, ці будуць выбары мясцовых Саветаў адпавядаць стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў.
  2. Як і падчас папярэдніх мясцовых выбараў, адной з сур’ёзных перашкодаў пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад ТВК ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў з’яўляецца адпаведная норма ВК, якая прадугледжвае магчымасць вылучэння прэтэндэнтаў толькі ад арганізацыйных структур, зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік на абласным, раённым і гарадскім узроўнях.
     
  3. Вылучэнне ў склад ТВК адбывалася ва ўмовах абмежаванай інфармаванасці выбаршчыкаў. Так, дадаткам № 3 да Пастановы Цэнтральнай камісіі № 39 “Аб інфармаванні грамадзян аб працы і падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання” ад 15.11.2017 г. не была прадугледжана неабходнасць інфармавання выбаршчыкаў аб часе і месцы правядзення пасяджэнняў органаў, якія фарміравалі гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя і сельскія выбарчыя камісіі. Такім чынам, на сайтах выканкамаў адсутнічала інфармацыя пра час і месца ўтварэння 90% ТВК.
     
  4. Сур’ёзных перашкодаў у прыёме дакументаў аб вылучэнні ў склад ТВК з боку прадстаўнікоў органаў, якія фарміравалі ТВК, назіральнікамі кампаніі зафіксавана не было.
     
  5. Амаль усе прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія ўтваралі ТВК. Гэта стала станоўчым вынікам урэгулявання дадзенай праблемы Пастановай Цэнтральнай камісіі № 36 ад 15.11.2017 г. Для параўнання: падчас мясцовых выбараў 2014 г. у 46% выпадкаў прадстаўнікоў кампаніі не дапускалі на пасяджэнні органаў, якія ўтваралі ТВК.
     
  6. Пасяджэнні органаў, якія ўтваралі ТВК, у асноўным праходзілі даволі фармальна, хаця ў большасці выпадкаў абмяркоўваліся асабістыя і дзелавыя якасці вылучаных прэтэндэнтаў. Двойчы прадстаўнікамі кампані былі адзначаныя выпадкі галасавання за ўжо загадзя складзеныя спісы сябраў ТВК.
     
  7. Прадстаўнікам кампаніі ў большасці выпадкаў было адмоўлена ў азнаямленні з матэрыяламі аб вылучэнні ў ТВК, а ў тых выпадках, калі гэта было дазволена зрабіць, азнаямленне ажыцяўлялася “з рук” прадстаўнікоў органаў, якія фарміравалі ТВК. Пры такіх абставінах было цяжка паўнавартасна ацаніць правільнасць афармлення дакументаў прадстаўнікоў, вылучаных у склад ТВК і зацверджаных у якасці сябраў гэтых камісій.
     
  8. Колькасць кандыдатаў, вылучаных у склад ТВК ад усіх зарэгістраваных у краіне палітычных партый, склала 161 чалавек (1,4% ад агульнай колькасці вылучаных), што прыкладна супадае з такой жа колькасцю вылучаных партыямі падчас папярэдніх мясцовых выбарах 2014 г. (1,29%). Гэтая сталая тэндэнцыя адлюстроўвае нізкую ролю палітычных партый у выбарчых працэсах краіны ў цэлым. Агулам у склад створаных ТВК увайшлі 125 прадстаўнікоў палітычных партый (1,2% ад усіх сябраў ТВК).

     

  9. Як і раней, асноўнымі суб’ектамі, якія вылучалі прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, былі грамадскія аб’яднанні (4101 чалавек або 36,7% ад вылучаных і 37,9 % ад агульнай колькасці сябраў ТВК) і грамадзяне шляхам збору подпісаў (5732 чалавекі або 51,3% ад вылучаных і 50,3% ад агульнай колькасці сябраў ТВК). Пяць найбуйнешых праўладных грамадскіх аб’яднанняў (Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў і ФПБ) разам вылучылі 3780 чалавек (33,8% ад вылучаных). Вынікі пасяджэнняў органаў, якія утвараюць ТВК, паказываюць, что прадстаўнікі гэтых грамдскіх аб’яднанняў склалі 35% ад агульнай колькасці сябраў ТВК.

     

  10. Традыцыйна нізкай застаецца колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе ТВК. Чатыры апазіцыйныя партыі (БПС “Справядлівы свет”, БСДП (Грамада), АГП і ПБНФ) вылучылі 34 чалавекі (0,3% ад агульнай колькасці вылучаных). З іх толькі 7 былі ўключаны ў склад ТВК (0,067% ад агульнай колькасці сябраў ТВК). Такім чынам, у склад ТВК былі ўключаны толькі 20,6% ад вылучаных апазіцыйнымі партыямі. Да прыкладу, колькасць сябраў ТВК ад вылучаных пяццю праўладнымі грамадскімі арганізацымі склала 3780 чалавекі (97,3% ад вылучаных імі), а ад пяці праўладных палітычных партый (Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, КПБ, ЛДП, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды) – 92,9% ад вылучаных імі. Традыцыйна дыскрымінацыйныя падыходы органаў, якія фарміруюць выбарчыя камісіі, да вылучэнцаў ад апазіцыйных партый засталіся без зменаў.

     

  11. Асноўным крытэрам, які прымяняўся пры фарміраванні ТВК адпаведнымі органамі, быў папярэдні досвед працы ў выбарчых камісіях. Трэба адзначыць, што ўвядзенне Цэнтральнай камісіяй патрабаванняў па абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў прэтэндэнтаў, вылучаных у склад выбарчых камісій, ніякім чынам не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму ў ТВК.
     
  12. Працэс фарміравання ТВК падчас сёлетніх выбараў прайшоў у атмасферы большай галоснасці, чым гэта было падчас папярэдніх мясцовых выбараў 2014 г., аднак у цэлым прымененыя практыкі і вынікі фарміравання ТВК не адрозніваліся ад папярэдніх выбарчых кампаній.