Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Высновы па выніках назірання за перадвыбарчай агітацыяй:
- рашэннямі мясцовых выканкамаў былі створаныя добрыя ўмовы для правядзення перадвыбарчай агітацыі: колькасць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатамі ў дэпутаты павялічылася ў параўнанні з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2016 года; у большасці выбарчых акруг для агітацыйных масавых мерапрыемстваў выканкамы вызначылі любыя прыгодныя для гэтых мэтаў месцы, за выключэннем некаторых абмежаванняў; месцы для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў былі зручнымі, колькасць памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбарцамі таксама павялічалася ў параўнанні з выбарамі 2016 года;
- негледзячы на вялікую колькасць зарэгістраваных кандадытаў у дэпутаты, адзначана іх невысокая актыўнасць у выкарыстанні магчымасцяў вядзення перадвыбарчай агітацыі: 47,7% ад агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў удзельнічалі ў тэледэбатах, 58,9% – апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы; 73,9% – выступілі на тэлебачанні, 68,4% – па радыё; у параўнанні з мінулымі выбарамі скарацілася колькасць заяўленых кандыдатамі масавых мерапрыемстваў;
- у мэтах спрыяння праўладным кандыдатам у правядзенні перадвыбарчай агітацыі шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, у той час як для шэрагу незалежных і апазіцыйных кандыдатаў ствараліся перашкоды: утойванне або прадастаўленне недакладнай інфармацыі пра перадвыбарчае мерапрыемства, цэнзура матэрыялаў і інш;
- зафіксаваны выпадкі нядопуску ў эфір агітацыйных выступаў апазіцыйных кандыдатаў; АВК і кіраўніцтва дзяржаўных СМІ падчас агітацыі вельмі шырока прымянялі абмежаванні, устаноўленыя артыкулам 47 ВК, што ў большасці выпадкаў насіў характар цэнзуры і недапушчальнага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў; у некаторых выпадках АВК прымалі рашэнні аб адмене рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты на падставе парушэння патрабаванняў артыкула 47 ВК;
- найбольш актыўна асвятлялі выбарчую кампанію незалежныя медыя, якія давалі матэрыялы пра характар правядзення пікетаў, аб скасаванні рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў, паведамлялі пра зняцце выступаў кандыдатаў з эфіру; дзяржаўныя СМІ абмяжоўваліся пераважна афіцыйнай інфармацыяй, а ў пачатку датэрміновага галасавання актыўна транслявалі ідэю аб неабходнасці прыняць удзел грамадзянам у датэрміновым галасаванні.