Другое папярэджанне Мінюста. Вярхоўны суд прызнаў дзеянні Мінюста законнымі.

3.09.2021

2 верасня Вярхоўны Суд вынес рашэнне па скарзе Беларускага Хельсінкскага Камітэта на пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі. Суддзя Ганна Сакалоўская адмовіла ў задавальненні скаргі БХК, прызнаўшы дзеянні Мінюста законнымі.

Адзінай падставай для вынясення нам пісьмовага папярэджання стала непрадстаўленне часткі запытаных Мінюстам дакументаў у тэрмін да 16 ліпеня.  Нагадаем, што ў офісе БХК 14 ліпеня быў праведзены ператрус, а сам офіс — апячатаны. Запытаныя дакументы знаходзіліся ў апячатаным офісе, іх непрадстаўленне было абумоўлена выключна аб'ектыўнымі абставінамі, якія не залежаць ад праваабаронцаў. Пазіцыя Мінюста ў судзе апісваецца прыкладна так: вы маглі прадставіць дакументы і да ператрусу. З улікам таго, што тэрмін для прадстаўлення дакументаў быў пазначаны самім Міністэрствам, такі аргумент з боку прадстаўніка зацікаўленай асобы выклікае здзіўленне. Падрабязна пра нашы аргументы чытаць тут

Мы лічым, што рашэнне суда з'яўляецца відавочна неправасудным. Яно накіравана на стварэнне ўмоў для ліквідацыі арганізацыі, якая цягам больш за 25 гадоў займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі. На наш погляд, калі Вярхоўны Суд у такой адназначнай сітуацыі прымае пазіцыю Мінюста, то будзе цалкам відавочным, што суд кіруецца не прававымі падыходамі, а палітычнай мэтазгоднасцю.

Нагадаем, што валанцёры РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" назіралі за выбарамі, абаранялі адвакатаў, абаранялі правы беларусаў на пенсіі ў сувязі з увядзеннем страхавога стажу, працавалі для адмены прымусовай працы (дэкрэты "пра дармаедаў" і "дрэваапрацоўцы", размеркаванне), уносілі  прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўства (напрыклад, дзякуючы нам было замацавана права сведкі мець адваката), выкарыстоўвалі міжнародныя праваабарончыя механізмы для абароны правоў чалавека, прасоўвалі Мэты ўстойлівага развіцця і многае іншае.

Для Беларускага Хельсінкскага Камітэта гэта другое папярэджанне за год.  Наяўнасць двух папярэджанняў на працягу аднаго года дае Міністэрству юстыцыі фармальнае права звярнуцца ў Вярхоўны Суд з іскам аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання.