Мы накіравалі паведамленне ў спецыяльныя працэдуры ААН аб практыцы прызнання арганізацый грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкімі фарміраваннямі

18.12.2022

Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Human Constanta, Lawtrend і Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў па свабодзе выказвання меркаванняў, па свабодзе мірных сходаў і асацыяцый, а таксама па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і расказалі аб практыцы выкарыстання ўладамі заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для пераследу прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Мы звярнулі ўвагу экспертаў ААН на шырокую фармулёўку тэрміна “экстрэмізм” у беларускім заканадаўстве, якое дае празмерную свабоду дзеянняў дзяржаўным органам і дазваляе адвольна прымяняць прававыя палажэнні з мэтай рэпрэсій у дачыненні да людзей і арганізацый.

Мы падалі інфармацыю пра тое, што пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, што вядзецца МУС, на дадзены момант уключае 107 суб'ектаў, сярод якіх сродкі масавай інфармацыі, нацыянальныя анлайн-рэсурсы, Telegram-каналы і чаты, грамадзянскія ініцыятывы і іх сацыяльныя сеткі.

У паведамленні мы таксама расказалі аб практыцы прызнання арганізацый грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкімі фармаваннямі. Мы падкрэслілі, што для такой працэдуры не патрабуецца рашэння суда, а дастаткова рашэння МУС ці КДБ. Мы падзяліліся прыкладамі такой практыкі. У прыватнасці, экстрэмісцкімі фармаваннямі былі прызнаныя арганізацыя "Дапамога", "Прафесійны саюз беларусаў у Вялікабрытаніі", "Беларускі незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці", "Экадом".

Такі спрошчаны механізм прызнання груп грамадзян “экстрэмісцкімі фармаваннямі” і адсутнасць доступу да інфармацыі аб прычынах такога прызнання ставяць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян, у тым ліку створаных у адказ на сістэмныя і грубыя парушэнні правоў чалавека.

З нашага пункту гледжання, беларускія ўлады парушаюць права на свабоду асацыяцый і права на свабоду выказвання меркаванняў, прызнаючы беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі ці за мяжой экстрэмісцкімі фармаваннямі з-за выказвання імі нязгоды з дзеяннямі дзяржаўных органаў - паколькі заканадаўства аб экстрэмізме не адпавядае ўсталяваным міжнародным стандартам, і адсутнічаюць законныя мэты для такога абмежавання.

Мы заклікалі Спецыяльных дакладчыкаў звязацца з уладамі Беларусі і папрасіць іх прывесці заканадаўства аб экстрэмізме ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, а таксама спыніць практыку прызнання арганізацый грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкімі фармаваннямі і арганізацыямі без належных разумных і суразмерных падстаў.