БХК накіраваў інфармацыю Незалежнай экспертцы ААН па правах пажылых людзей у рамках яе запыту для падрыхтоўкі тэматычнага Савету па правах чалавека ў 2023 годзе па пытаннях гвалту, жорсткага абыходжання і пагарды ў дачыненні да пажылых людзей.
У паведамленні мы зазначылі, што не менш за 40 чалавек сталага веку знаходзіцца цяпер у зняволенні па палітычных матывах, 5 з іх дасягнулі 70 гадоў.
Мы звярнулі ўвагу эксперткі, што значная частка пажылых зняволеных асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах за каментары ў інтэрнэце і тэрміны іх зняволення вар'іруюцца ад 1,5 да 3,5 гадоў. У той жа час, найбольш высокія тэрміны пазбаўлення волі - ад 8 да 25 гадоў - прымяняюцца да палітычных і грамадскіх дзеячаў за іх адкрытую пазіцыю і дзейнасць супраць палітыкі дзейнай улады.
Мы распавялі, што шмат хто з палітычных зняволеных мае сур'ёзныя праблемы са здароўем, якія пагаршаюцца ў сувязі са сталым ціскам і неадэкватнымі ўмовамі ўтрымання, а таксама падзяліліся канкрэтнымі фактамі парушэння права на здароўе пажылых палітвязняў.
Больш за тое, у інфармацыі мы адлюстравалі і іншыя формы ціску і парушэння правоў на свабоду ад бесчалавечнага абыходжання, на гуманнае абыходжанне з асобамі, пазбаўленымі волі, і на справядлівы суд, асобна адзначыўшы, што 7 з 40 пажылых палітвязняў уключаныя ў “тэрарыстычны” спіс. і не могуць атрымліваць грашовыя пераводы.
Мы падкрэслілі, што ў Беларусі адсутнічаюць эфектыўныя механізмы абскарджання парушэння правоў чалавека і ніводзін вінаваты ў парушэннях не быў прыцягнуты да адказнасці, нягледзячы на скаргі.