Зварот у Спецыяльныя працэдуры ААН у сувязі са смерцю Мікалая Клімовіча

16.05.2023
mikalaj klimovich fota z fb

Беларускі Хельсінкскі Камітэт праінфармаваў Спецыяльных дакладчыкаў ААН па пытанні права на здароўе, па правах асобаў з інваліднасцю, па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама Незалежную экспертку ААН па правах пажылых людзей  аб смерці палітвязня Мікалая Клімовіча ў Выпраўленчай калоніі № 3, а таксама звярнуў увагу на негуманнае абыходжанне з палітвязнямі, у тым ліку пажылымі або маючымі інваліднасць.

У сваім звароце мы падкрэслілі, што смерць Мікалая Клімовіча далёка не першы выпадак смерці палітвязняў у беларускіх турмах. Больш за тое, праваабаронцы ўвесь час паведамляюць аб адсутнасці належнага медыцынскага агляду, адпаведных умоў і абсталявання, кваліфікаванага медыцынскага персаналу і неаказанні медыцынскай дапамогі. У паведамленні мы таксама апісалі практыку адмовы ў аказанні медыцынскай дапамогі як спосаб ціску на палітычных зняволеных.

Мы звярнулі ўвагу спецдакладчыкаў на невыкананне ў Беларусі канстытуцыйных і міжнародных стандартаў у галіне права на жыццё і права на здароўе. Мы ўказалі, што ў адпаведнасці з Заўвагамі агульнага парадку №36 КПЧ ААН, абавязак дзяржавы абараняць жыццё ўсіх асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, уключае ў сябе прадастаўленне ім неабходнай медыцынскай дапамогі і належны рэгулярны маніторынг іх здароўя, абарону іх ад гвалту паміж зняволенымі, прадухіленне самагубстваў і забеспячэнне. разумных умоў для асоб з інваліднасцю.

Раней мы ўжо накіроўвалі иінфармацыю па пытанні пажылых зняволеных да  Незалежнай эксперткі ААН па правах пажылых людзей  у рамках яе запыту для падрыхтоўкі тэматычнай Рады па правах чалавека ў 2023 годзе па гвалце, жорсткім абыходжанні і пагардзе ў дачыненні да пажылых людзей.

Гэтая інфармацыя сведчыць аб невыкананні кіраўніцтвам пенітэнцыярных устаноў сваіх абавязкаў, пастаянным парушэнні дзяржавай правоў зняволеных, а таксама аб ігнараванні міжнародных стандартаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства абыходжання з імі.

На думку БХК, смерць Мікалая Клімовіча з'яўляецца вынікам халатнага і грубага стаўлення кіраўніцтва калоніі да зняволеных, прымянення рэпрэсіўных мер, уключаючы адмову ў медыцынскай дапамозе, у дачыненні да палітвязняў з мэтай пакарання і запалохвання, а таксама абсалютнай беспакаранасці супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў.