Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, выказваем рашучы пратэст супраць прызнання Праваабарончага цэнтра "Вясна" экстрэмісцкім фармаваннем і выказваем сваю салідарнасць з калегамі.
23 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб прызнанні Праваабарончага цэнтра "Вясна" экстрэмісцкім фармаваннем. Паводле дадзенага рашэння група грамадзян з ліку прадстаўнікоў "Праваабарончы цэнтр «Вясна»" ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць у тым ліку з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў з аднайменнай назвай, у тым ліку рэгіянальных прадстаўніцтваў. Паводле інфармацыі БелТА, рашэнне прынятае ў сувязі з "арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы і здзяйсненні замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Беларусі, дыскрэдытацыяй і абразай службовых асобаў". Дзейнасць групы і звязаных з ёй больш за 30 рэсурсаў забароненая на тэрыторыі Беларусі. Рашэнне МУС дае падставу для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 7 гадоў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці або ажыццяўляюць любую перадачу звестак або рэсурсаў прадстаўнікам "Вясны".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з'яўляецца адной з найстарэйшых і найаўтарытэтнейшых праваабарончых арганізацый Беларусі, якая аказала дапамогу дзясяткам тысяч беларускіх грамадзянаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. За час свайго існавання ПЦ "Вясна" і яе сябры быў узнагароджаны шматлікімі прэстыжнымі прэміямі і ўзнагародамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку ўвайшоў у лік лаўрэатаў прэміі ААН у галіне правоў чалавека за 2023 год. Заснавальнік Цэнтра Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Рашэнне ўладаў прызнаць Праваабарончы цэнтр "Вясна" "экстрэмісцкім фармаваннем" з'яўляецца палітычна матываваным пераследам, звязаным з мірнай рэалізацыяй людзьмі сваіх правоў і свабодаў. Мы расцэньваем яго як чарговы крок у рамках маштабнай палітыкі знішчэння арганізацый грамадзянскай супольнасці, беларускага праваабарончага руху, адвольнага выкарыстання беларускімі ўладамі антыэкстрэмісцкага заканадаўства з мэтай падаўлення грамадзянскага актывізму. Мы расцэньваем яго як чарговы крок ціску на законную праваабарончую дзейнасць канкрэтнай арганізацыі — Праваабарончага цэнтра "Вясна", які адбыўся, у тым ліку, пасля адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу яго кіраўніцтва, сябраў, валанцёраў, прызнання экстрэмісцкімі яго інфармацыйных рэсурсаў.
Нацыянальнае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму не адпавядае міжнародным стандартам, не мае законных мэтаў, сфармулявана шырока і абстрактна, што дае празмерную свабоду дзеянняў дзяржаўным органам і дазваляе ім адвольна ўжываць прававыя палажэнні з мэтай палітычных рэпрэсій. Дзяржава апраўдвае прызнанне арганізацый, якія ажыццяўляюць мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і адстойваюць грамадскія інтарэсы, экстрэмістамі надуманымі прычынамі нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку, у той час як сапраўднай падставай з'яўляецца падаўленне любой нязгоды з дзеяннямі ўладаў.
Мы падкрэсліваем, што прызнанне Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых арганізацый экстрэмісцкімі фармаваннямі ўяўляе сабой недапушчальнае ўмяшанне ў ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў, свабоды асацыяцый, якія з'яўляюцца правамі, гарантаванымі Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, парушае правы, замацаваныя ў Дэкларацыі аб праваабаронцах — ключавым рамачным дакуменце ААН, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з вышэйпададзеным, мы патрабуем ад беларускіх уладаў:
- Адмяніць рашэнне аб прызнанні Праваабарончага цэнтра "Вясна", роўна як і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці, экстрэмісцкім фармаваннем.
- Прывесці заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.
- Спыніць практыку прызнання арганізацый, ініцыятыў экстрэмісцкімі без разумных і прапарцыйных падстаў, а таксама практыку прызнання матэрыялаў, накіраваных на інфармаванне грамадскасці аб сітуацыі з правамі чалавека, экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Мы заклікаем праваабаронцаў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці розных краін праявіць салідарнасць з Праваабарончым цэнтрам "Вясна" і беларускім праваабарончым рухам, а міжнародныя органы і арганізацыі даць належную ацэнку парушэнням правоў чалавека ў Беларусі, звярнуцца да беларускіх уладаў і запатрабаваць выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, спынення практыкі адвольнага прызнання арганізацый экстрэмісцкімі, а іх рэсурсаў — экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Праваабарончая арганізацыя Lawtrend
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Беларускі ПЭН
Прававая ініцыятыва
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
Human Constanta
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Беларуская асацыяцыя журналістаў