UPD па стане на 31 траўня.Тэрміновыя звароты да Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях становішча праваабаронцаў

8.05.2017
Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў тэрміновыя звароты да Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях становішча праваабаронцаў. У сувязі з сітуацыяй вакол прадстаўніка БХК у Маладэчна Эдуарда Баланчука і прадстаўніка ў Віцебску Паўла Левінава.
 
Эдуард Баланчук быў затрыманы 28 сакавіка і абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянавай акцыі 10 сакавіка ў Маладэчна. Разам з тым адзначым, што на гэтым мерапрыемстве Эдуард выступаў у якасці назіральніка (пры сабе меў накіраванне ад БХК з заданнем аб назіранні за мірнымі сходамі). Суд пакараў Баланчука адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.
 
Павал Левінаў (на фота справа) быў накіраваны для назірання за мірнымі сходамі, запланаванымі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка. Каля 13:00 26 сакавіка 2017 года Паўла Левінава затрымалі супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння падчас назірання за мірным сходам. Ён быў пазначаны бэджам назіральніка. Левінаў меў пры сабе накіраванне ад БХК з заданнем аб назіранні за мірнымі сходамі.

Пасьля затрымання Паўла Левінава даставілі ў Кастрычніцкі РАУС г. Віцебска. Інфармацыю пра месца знаходжання ўдалося атрымаць таемна толькі ад самога Левінава, у дзяжурнай частцы на працягу 5 гадзін паведамлялі, што яго не дастаўлялі. Каля 18:00 Паўлу Левінаву стала дрэнна. Артэрыяльны ціск падняўся да адзнакі 180/100. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, якая прыехала, дала таблетку для зніжэння ціску і, не дачакаўшыся паніжэння ціску, з'ехала. У раёне 23 гадзін была выкліканая другая хуткая, Паўла павезлі ў бальніцу. Па стане на 14.00 27 сакавіка Павал Левінаў знаходзіцца ў бальніцы. 

UPD па стане на 17 красавіка: Зараз Левінаў знаходзіцца на лячэнні ў Кіеве. У яго адсутнасць Кастрычніцкі райсуд Віцебка прысудзіў яму 15 сутак арышту.  

Павел Левінаў тлумачыць, што сапраўды прысутнічаў на вулічных акцыях, але абсалютна з іншай мэтай:

“Яшчэ 15 сакавіка я накіраваў у абласную ўправу МУС паведамленне, што назіральнікі  ад РПГА "БХК" будуць праводзіць маніторынг масавых мерапрыемстваў у Віцебску. Атрымаў адказ ад намесніка начальніка, што паведамленне прынята да ведама, прычым мне яшчэ падзякавалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю… А 26-га сакавіка затрымалі і склалі два пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях паводле артыкула 23.34 КаАП.  Нібыта я выказваў свае палітычныя погляды падчас святкавання Дня волі, а назаўтра — сваё стаўленне да Дэкрэту № 3. Пасля затрымання я звярнуўся ў абласную міліцэйскую ўправу: маўляў, як у міліцыі так атрымліваецца? А мне адказалі, што дзейнасць назіральніка не з’яўляецца падставай для скасавання распачатай супраць мяне адміністрацыйнай справы. Не паўплывалі на рашэнне суддзі ні абураныя водгукі міжнародных праваабарончых  структур, ні заступніцтва жыхароў Віцебска, якія сабралі 75 подпісаў за тое, каб спыніць распачаты супраць мяне  судовы пераслед”.

UPD на 8 траўня. 5 траўня Павал Левінаў быў затрыманы і дастаўлены ў Віцебскі ІЧУ. Дзяжурны ІЧУ пацікавіўся станам здароўя Левінава, той паказаў медыцынскія дакументы аб стане свайго здароўя і прызначанай на 10 траўня аперацыі. Дзяжурны заявіў, што не можа прыняць затрыманага ў такім стане і выклікаў брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі вымералі у Левінава ціск, зрабілі кардыяграму і даставілі яго ў шпіталь. 8 траўня Паўла выпісалі са шпіталя, нягледзячы на ​​ціск 165/95.  У цяперашні час Левінаў знаходзіцца пад пагрозай трапіць у ІЧУ для адбыцця пакарання.
 
UPD на 31 траўня. Павал Левінаў у ІЧУ.

БХК каммунікуе з офісам Спецдакладчыка.