Адбылося абмеркаванне праекта Закона аб адвакатуры. Сярод удзельнікаў: заканадаўцы, адвакаты і грамадзянская супольнасць

20.03.2017
У Мінску 16 сакавіка адбылося абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб адвакатуры".
 
Праваабаронцы дамагаюцца большай незалежнасці для адвакатаў. Гэта, у сваю чаргу, павінна прывесці да большай справядлівасці судовых разглядаў і забеспячэння спаборнасці судовых працэсаў.
 
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, у тым ліку БХК, сфармулявалі рэкамендацыі ў праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення дзейнасці адвакатуры».
Рэкамендацыі датычацца такіх паняццяў як «адвакацкая таямніца» і «юрыдычная дапамога», прынцыпаў арганізацыі адвакатуры, абмежаванняў на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, паўнамоцтваў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, з'езда адвакатаў і інш.
 
Напрыклад, грамадскія арганізацыі прапануюць пашырыць паняцце адвакацкай таямніцы, распаўсюдзіўшы рэжым адвакацкай таямніцы на перапіску паміж адвакатам і кліентам, а таксама на перапіску паміж адвакатамі і на любую інфармацыю пра кліента, якая стала вядомая па-за залежнасці ад крыніц атрымання такой інфармацыі (кліент, трэція асобы, матэрыяльныя (у тым ліку электронныя) носьбіты інфармацыі).
 
У снежні 2015 г. гэтыя рэкамендацыі былі накіраваны ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пастаянныя камісіі па заканадаўстве Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйны Суд, Савет Міністраў і ў іншыя дзяржаўныя органы, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы, а таксама Рэспубліканскай і ўсім тэрытарыяльным калегіяй адвакатаў. 7 студзеня 2016 года з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь паступіў ліст, пры гэтым Мінюст указаў што «... некаторыя Вашы прапановы рэалізаваны ў законапраекце ў ходзе яго дапрацоўкі» .
 
Палата прадстаўнікоў беларускага парламента на бліжэйшай сесіі, якая пачнецца ў красавіку, разгледзіць у другім чытанні распрацаваны Мінюстам законапраект аб адвакатуры. У другім чытанні ўжо нельга ўносіць канцэптуальныя папраўкі і прыйдзецца здавольвацца толькі тымі праўкамі, якія былі ўлічаны раней. Разам з тым (будзем спадзявацца, што для працягу працэсу ўдасканалення ўмоў для адвакатуры ў будучыні) 16 сакавіка 2017 г. у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адбылося пашыранае выязное пасяджэнне пастаянных камiсiй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве, падчас якога былі абмеркаваны прапановы па праекце закона.
 
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў В.Чайчыц, намеснік старшыні РКА Т.Матусевіч, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Ад беларускіх праваабарончых арганізацый прысутнічалі Гары Паганяйла (РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт») і Раіса Міхайлоўская (Беларускі Дакументацыйны цэнтр).
 
Абараняў неабходнасць унясення змяненняў і дапаўненняў у Закон ад імя праваабарончай супольнасці старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла (у мінулым - старшыня Саюза адвакатаў Беларусі). Ён так каментуе сітуацыю:
 
"Абмеркаванне нашага бачання на сустрэчы ішло прафесійна, канструктыўна і добразычліва. Я думаю, што ў выніку адбылася вельмі карысная размова. Мы пачутыя і вельмі спадзяемся на тое, што праца па ўдасканаленні заканадаўчых умоў дзейнасці адвакатаў будзе праходзіць і ў далейшым. І, зразумела, вельмі добра, што ёсць пляцоўка для дыялогу, гэта карысная, нармальная праца - супрацоўніцтва Парламента і грамадзянскай супольнасці, і гэтая праца павінна развівацца надалей. Такі прамой дыялог у выніку дазволіць выпрацаваць больш дасканалыя законы, што ў рэшце рэшт пойдзе на карысць людзям".
 
Ідэя падрыхтоўкі Рэкамендацый належыць Беларускаму Дакументацыйнаму цэнтру, які арганізаваў і правёў два раунды грамадскай дыскусіі, у якой удзельнічалі звычайныя грамадзяне, адвакаты і праваабаронцы. Над рэкамендацыямі працавалі праваабарончыя арганізацыі: РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звоскава, Праваабарончы Цэнтр "Вясна", Камітэт "Салідарнасць", РГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Праваабарончы цэнтр "Прававая дапамога насельніцтву», Асветніцкая праваабарончая ўстанова «Офіс па правах людзей з інваліднасцю», Публічная ўстанова "Беларускі Дакументацыйны цэнтр".
 
БХК вітае дыялогавы фармат працы паміж грамадзянскай супольнасцю і  парламентарыямі, міністэрствамі і іншымі дзяржаўнымі органамі дзеля ўдасканалення заканадаўства і практыкі яго прымянення.