Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ПЦ “Вясна” ў рамках кампаніі“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Агульныя высновы
- тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (далей ТВК) – адзін з асноўных механізмаў правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі свабодных і дэмакратычных выбараў і нацыянальным выбарчым заканадаўствам;
- згодна з дзеючым выбарчым заканадаўствам фарміраванне ТВК адносіцца да кампетэнцыі мясцовых органаў улады і іх выканаўчых камітэтаў;
- адметнасцю сёлетняй кампаніі стала яе правядзення ва ўмовах пандэміі каранавіруса, што паўплывала на працэс вылучэння прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў і парадак правядзення пасяджэнняў органаў, якія фарміравалі ТВК;
- пастанова ЦВК № 13 (з улікам змяненняў) прадугледзела магчымасць правядзення пасяджэнняў па ўтварэнні ТВК альбо з анлайн-трансляцыяй у інтэрнэце (без запрашэння прадстаўнікоў суб’ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій і СМІ), ці з наступным выкладаннем поўнага відэазапісу пасяджэння, альбо з запрашэннем на пасяджэнне без анлайн трансляцыі і запісу;
- у адрозненні ад папярэдніх выбараў пастанова ЦВК № 13 не прадугледзела магчымасць прысутнасці на пасяджэннях органаў па ўтварэнні выбарчых камісій прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, назіральнікі ад якіх акрэдытаваныя ў ЦВК;
- большасць прадстаўнікоў кампаніі мелі магчымасць назіраць за пасяджэннямі па ўтварэнню ТВК: праз анлайн-трансляцыю пасяджэнняў (40%), прагляд відэа пасяджэння ў запісу (13,6%), ці асабіста прысутнічаць пры іх правядзенні (13,6%). Мелі месца цяжкасці з правядзеннем маніторынгу дадзенага этапа выбараў альбо праз немагчымасць непасрэдна прысутнічаць на пасяджэннях, альбо праз кепскую якасць анлайн-трансляцый (20%);
- адсутнасць замацаванага ў Пастанове ЦВК права прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў прысутнічаць на пасяджэннях органаў па ўтварэнні выбарчых камісій, а таксама аднастайнага падыходу па правядзенні гэтых пасяджэнняў, у шэрагу выпадкаў прывяло да таго, што прадстаўнікі кампаніі не здолелі назіраць за гэтым важным этапам выбараў;
- як і падчас папярэдніх выбараў, асноўную колькасць вылучэнцаў у ТВК склалі прадстаўнікі 6 праўрадавых арганізацый – РГА “Белая Русь”, РГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, РГА “Беларускі саюз жанчын”, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і ГА “Беларускі фонд міру” , якія вылучылі 989 прадстаўнікоў - 86,7% ад прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і 45,6% ад усіх прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях. Роля вылучэнцаў ад палітычных партый засталася невысокай – 179 чалавек ці 8,25% ад усіх вылучаных;
- большую частку сябраў ТВК склалі прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – 1095 чалавек, альбо 55%. У ТВК былі уключаны 97,7% прадстаўнікоў пяці праўладных грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў ад агульнай колькасці вылучаных гэтымі суб'ектамі;
- з 25 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад ТВК увайшлі два прадстаўнікі – па адным ад Партыі БНФ і БСДП (Грамада) – 8% ад вылучаных. У той жа час у ТВК уключаны 97,4% прадстаўнікоў праўладных палітычных партый ад агульнай колькасці вылучаных. У параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі, колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у ТВК зменшылася ў 15 разоў, а паказчык “праходнасці” знізіўся ўдвая. Гэта сведчыць аб захаванні дыскрымінацыйных падыходаў пры фарміраванні складу выбарчых камісій.