Найбуйнейшыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да Міністэрства юстыцыі з прапановай адклікаць пазоў аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта, каб "не дапусціць спынення важнай працы ў інтарэсах абароны правоў усіх людзей у Беларусі".
Зварот падпісалі Мары Штразерс, дырэктар рэгіянальнага офіса Amnesty International па Ўсходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі; Эліс Могве, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH); Эндру Андэрсан, выканаўчы дырэктар Frontline Defenders; Марыя Дале, дырэктар Human Rights House Foundation; Х'ю Уільямсан, дырэктар Аддзялення Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Нагадаем, што спачатку Міністэрства юстыцыі вынесла арганізацыі папярэджанне за непрадстаўленне дакументаў, якія знаходзяцца ў апячатаным пасля ператрусу офісе. Пасля гэтага накіравала пазоў аб ліквідацыі. Паводле заявы, міністэрства ў выніку следчых дзеянняў па неназванай крымінальнай справе атрымала копіі дакументаў, якія, на думку Міністэрства, сведчаць аб прадстаўленні БХК недакладнай інфармацыі ў сваёй штогадовай справаздачы. Гэтыя матэрыялы яшчэ не ацэньваліся судом у рамках якога-небудзь крымінальнага працэсу, але міністэрства хоча на падставе копій гэтых дакументаў ліквідаваць арганізацыю. Судовае паседжанне па разглядзе пазову мінюста ў Вярхоўным Судзе прызначана на 30 верасня ў 11.00.
Прыводзім некаторыя цытаты са звароту міжнародных праваабарончых арганізацый:
- "мы ведаем праваабаронцаў з БХК і працуем з імі на працягу большай часткі 26-гадовага перыяду існавання гэтай арганізацыі і самым высокім чынам ацэньваем іх адданасць справе абароны правоў чалавека, прафесійную добрасумленнасць і прынцыповасць";
- "тое, што тут адбываецца,- гэта спроба падвергнуць праваабарончае аб'яднанне з чвэрцьвекавой гісторыяй драконаўска карнаму і незваротнаму пакаранню з мэтай дамагчыся спынення яго дзейнасці»;
- “дзеянні з боку дзяржавы ідуць насуперак з палажэннямі прынятай ААН Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных груп, асоб і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.
Гэта таксама парушае абавязацельствы дзяржавы ў галіне забеспячэння гарантый свабоды выказвання меркаванняў і свабоды асацыяцыі па артыкулах 19 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Беларусь".
Валанцёры РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" назіралі за выбарамі, абаранялі адвакатаў, абаранялі правы беларусаў на пенсіі ў сувязі з пасткай страхавога стажу, працавалі для адмены прымусовай працы (дэкрэты "аб дармаедах" і па "дрэваапрацоўцы", размеркаванне), уносілі прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўства (напрыклад, дзякуючы БХК было замацавана права сведкі мець адваката), выкарыстоўвалі міжнародныя праваабарончыя механізмы для абароны правоў чалавека, прасоўвалі Мэты ўстойлівага развіцця і многае іншае.