БХК прадставіў новы даклад пра сістэмную палітычную дыскрымінацыю ў Беларусі

5.11.2026
вокладка

Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў даклад «Вы ж усё разумееце. Сістэмная палітычная дыскрымінацыя ў Беларусі: механізмы, маштаб, наступствы». У ім мы прапануем паглядзець на рэпрэсіі ў Беларусі праз прызму сістэмнай палітычнай дыскрымінацыі — каб лепш зразумець іх прыроду, рэальныя маштабы і наступствы для людзей.

 

Чаму звыклы погляд на рэпрэсіі не адлюстроўвае ўсёй карціны

Рэпрэсіі ў Беларусі звычайна асацыююцца з вядомымі выпадкамі непасрэднага крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу — затрыманнямі, ператрусамі, пазбаўленнем волі. Пра сітуацыю ў краіне часта мяркуюць па колькасці людзей, прызнаных палітвязнямі. Увага засяроджваецца на гэтых пытаннях, а таксама на парушэннях «традыцыйных» для нашага кантэксту свабоды выказвання меркаванняў, свабоды асацыяцый і мірных сходаў, права на справядлівы суд. На гэтым фоне іншыя формы палітычна матываванага абмежавання правоў могуць успрымацца як недастаткова сур'ёзныя, а звязаныя з імі рызыкі — недаацэньвацца.

Аднак пасля 2020 года рэпрэсіўны апарат у Беларусі трансфармаваўся і сёння здольны забяспечваць масавыя і сістэматычныя парушэнні значна шырэйшага спектра правоў у дачыненні да значна шырэйшага кола людзей — іншадумцаў і тых, каго дзяржава лічыць такімі.

Даўно знаёмая беларускаму грамадству формула «вы ж усё разумееце» адлюстроўвае менавіта гэтую логіку. Сёння яна набыла новую актуальнасць ва ўмовах пашырэння дыскрымінацыйнай палітыкі на розныя сферы жыцця і групы людзей. Калі падставай для прымянення рэпрэсіўных мер становяцца, па сутнасці, звычайныя, законныя паводзіны, гэтая формула дапамагае пераадолець разрыў паміж фармальнымі прававымі падставамі і рэальнымі палітычнымі матывамі, растлумачыць невідавочную сувязь паміж сапраўднай або меркаванай палітычнай «ненадзейнасцю» і наступным пераследам.

Канцэпцыя сістэмнай палітычнай дыскрымінацыі дапамагае зразумець прыроду і маштабы таго, што адбываецца ў краіне. У нашым выпадку гаворка ідзе не пра эпізадычныя парушэнні правоў чалавека, а пра мэтанакіраваную дыскрымінацыйную дзяржаўную палітыку, якая рэалізуецца на розных узроўнях, у многіх сферах. Кола пацярпелых ад гэтай палітыкі значна шырэйшае за кола асоб, якіх звычайна адносяць да ахвяр палітычных рэпрэсій.

 

Каму адрасаваныя даклад і дадатковыя матэрыялы

Міграцыйныя органы прымаючых дзяржаў

Даклад змяшчае інфармацыю, важную для ацэнкі сітуацыі ў краіне: пра будову рэпрэсіўнай сістэмы і яе характэрныя рысы, пра рэальныя маштабы рэпрэсій і, зыходзячы з гэтага, пра індывідуальныя рызыкі для асобных людзей.

Аналітычная прызма сістэмнай дыскрымінацыі ў спалучэнні з асаблівасцямі сістэмы — важнасцю «сігналаў» аб ненадзейнасці для наступнага пераследу, латэнтнасцю рэпрэсій і тэндэнцыяй да «спадарожных рэпрэсій» — дазваляе зразумець, чаму рызыкі індывідуальнага палітычна матываванага пераследу могуць быць высокімі нават для людзей, якія не займаліся актыўнай палітычнай дзейнасцю. Яна таксама дазваляе зразумець, чаму адсутнасць дакументальна пацверджанага пераследу не азначае, што пры перасячэнні мяжы чалавек не сутыкнецца з адвольным затрыманнем, несправядлівым судовым разбіральніцтвам і пазбаўленнем волі.

Ключавыя высновы даклада для міграцыйных органаў выкладзеныя ў асобнай англамоўнай запісцы: «Systemic Political Discrimination in Belarus: Key Findings for Asylum and Migration Decision-Makers».

Дыпламаты, іншыя прадстаўнікі замежных дзяржаў і асобы, якія фарміруюць палітычныя пазіцыі

Даклад прапануе разглядаць рэпрэсіі ў Беларусі праз прызму сістэмнай дыскрымінацыі. Іх маштабы і кола пацярпелых істотна шырэйшыя, чым можа здавацца пры разглядзе асобных рэпрэсіўных практык. Улік прыроды і рэальных маштабаў рэпрэсіўнай сістэмы можа быць карысным для выпрацоўкі палітычных пазіцый, адвакацыі і вызначэння мер, неабходных для нармалізацыі сітуацыі ў краіне і абароны пацярпелых, у тым ліку беларусаў у выгнанні.

Міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і механізмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя

Даклад дазваляе падысці да міжнародна-прававой ацэнкі і кваліфікацыі сітуацыі ў Беларусі праз аналітычную прызму сістэмнай дыскрымінацыі. З гэтага пункту гледжання ён выяўляе механізмы, якія фарміруюць і ўзнаўляюць рэпрэсіўную дыскрымінацыйную сістэму, звяртае ўвагу, сярод іншага, на тэндэнцыю да пастаяннага пашырэння ў форме «спадарожных рэпрэсій» і крытычна важную ролю «сістэмы сігналаў» і дыскрымінацыйнага правапрымянення. Такая прызма дазваляе ўлічыць больш шырокае кола пацярпелых і пералік закранутых правоў чалавека, у тым ліку з акцэнтам на сацыяльных і эканамічных правах.

 

Даклад і дадатковыя матэрыялы

Поўная версія даклада «Вы ж усё разумееце. Сістэмная палітычная дыскрымінацыя ў Беларусі: механізмы, маштаб, наступствы» даступная на рускай і англійскай мовах.

Мы таксама падрыхтавалі кароткую версію даклада з асноўнымі высновамі і асобную англамоўную аналітычную запіску для міграцыйных органаў.

Чытаць даклад і дадатковыя матэрыялы

 

На жаль, з прычыны абмежаванасці нашых рэсурсаў даклад і дадатковыя матэрыялы да яго пакуль даступныя толькі на рускай і англійскай мовах. Просім прабачэння за адсутнасць беларускамоўнай версіі і дзякуем за разуменне.