БХК узяў удзел у Кансультацыях экспертнага ўзроўню «Справаздачнасць згодна з Міжнародным пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы»

18.05.2017

Прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак і Дзмітры Чарных узялі ўдзел у Кансультацыях экспертнага ўзроўню “Справаздачнасць згодна з Міжнародным пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы: пяты перыядычны даклад Рэспублікі Беларусь”. Экспертныя кансультацыі арганізуюцца супольна Міністэрствам замежных спраў краіны і Прадстаўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і міжнародных арганізацый.

Беларусь — дзяржава-ўдзельнік Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). У мэтах здзяйснення маніторынгу за выкананнем дзяржавамі-ўдзельнікамі МПГПП створаны Камітэт ААН па правах чалавека, у які ўваходзяць 18 незалежных экспертаў. Усе дзяржавы-ўдзельнікі абавязаныя рэгулярна прадстаўляць Камітэту даклады пра тое, што адбываецца з правамі, замацаванымі ў МПГПП. Камітэт вывучае кожны даклад і дзеліцца сваімі думкамі і рэкамендацыямі з дзяржавай-удзельнікам у выглядзе канчатковых заўвагаў.

У красавіку 2017 года Беларусь накіравала свій пяты перыядычны даклад, які ўтрымлівае адказы на шэраг пытанняў, сфармуляваных Камітэтам і адрасаваных дзяржаве ў кантэксце падрыхтоўкі да будучага дыялогу (дакумент CCPR/C/BLR/5). Папярэдні даклад Беларусь прадставіла ў Камітэце ААН по правах чалавека ў 1997 годзе. Нягледзячы на тое, што перыядычныя даклады ствараюцца дзяржавамі, якія нясуць асноўную адказнасць за імплементацыю МПГПП, дамоўныя органы, ў тым ліку Камітэт ААН па правах чалаека, вітаюць даклады ад аб’яднанняў грамадскай супольнасці, нацыянальных праваабарончых установаў, органаў сістэмы ААН. Гэтыя стэйкхолдэры могуць прадстаўляць інфармацыю камітэтам на розных стадыях справаздачнасці.

На практыцы абодва працэсы справаздачнасці – і дзяржаваў, і іншых удзельнікаў – паміж сабой, звычайна, не перасякаюцца і не скаардынаваныя. Дадзеныя экспертныя кансультацыі стануць платформай для абмену меркаваннямі паміж дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі па пытаннях, якія адлюстраваныя ў пятым перыядычным дакладзе Рэспублікі Беларусь у Камітэт ААН па правах чалавека, а таксама для разгляду прагрэсіўнага міжнароднага досведу ў кантэксце справаздачнасці ў дамоўныя органы. Кансультацыі зробяць унёсак у працэс імплементацыі Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, якія прыняла Рэспубліка Беларусь па выніках праходжання другога цыкла ўніверсальнага перыядычнага агляду ў Савеце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека, і рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь дамоўнымі органамі па правах чалавека, на 2016 – 2019 гады. План зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 кастрычніка 2016 г. №860.

Пад час Кансультацый прадстаўнікі Беларускага Хельсінксага Камітэта выступілі па тэмах: практыка падрыхтоўкі альтэрнатыўных дакладаў у Камітэт ААН па правах чалавека і прэзентацыя канцэпцыі заканадаўства пра роўнасць і недыскрымінацыю