Праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыкаў з нагоды парушэння правоў Віктара Бабарыкі і перашкодаў у працы адвакатаў

18.06.2020

Тэкст: spring96.org

Да раней накіраванай ад імя РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончага цэнтра "Вясна" інфармацыі на адрас шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў ААН аб рэзкім пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, праваабаронцы дадаткова праінфармуюць аб парушэнні правоў Віктара Бабарыкі, які вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Паводле інфармацыі штаба В. Бабарыкі, сёння раніцай, 18 чэрвеня, Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы, Эдуард Бабарыка, паехалі здаваць чарговую частку подпісаў сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты. Пасля гэтага яны перасталі выходзіць на сувязь. Было выказана меркаванне, што яны могуць знаходзіцца ў будынку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

У 11: 07 у телеграм канале Агенцтва нацыянальных навін дзяржаўнага тэлеканала "Беларусь 1" з'явілася паведамленне: "Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, які ўзначальвае перадвыбарчы штаб бацькі, сёння раніцай былі дастаўлены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Асноўная мэта "візіту" - правядзенне следчых дзеянняў, звязаных з нявыплатай падаткаў і легалізацыяй незаконна атрыманых даходаў у рамках расследавання крымінальнай справы па "Белгазпрамбанку". Пры затрыманні ні адзін, ні іншы прэтэнзій да аператыўнікаў не прад'яўлялі, не прад'яўляюць і цяпер. Акуратна даюць паказанні".

Таксама сёння стала вядома, што адвакаты Віктара і Эдуарда Бабарыкаў не могуць патрапіць да сваіх кліентаў у будынак ДФР КДК. Гэта тлумачаць тым, што ў будынку праходзяць «вучэнні». Пасля таго, як каля будынка ДФР супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю ўбачылі прадстаўнікоў СМІ, то дзверы галоўнага ўваходу ў будынкі зачынілі.

Адвакат аднаго з дастаўленых у ДФР Дзмітрый Лаеўскі паведаміў, што адвакаты Віктара і Эдуарда Бабарыка з 9:30 спрабуюць патрапіць да сваіх кліентаў для аказання ім прававой дапамогі. З апублікаванага ў 12: 26 у Телеграм-канале прэс-службы В. Бабарыкі відэа ўгледжваецца, што адвакаты сапраўды спрабуюць увайсці ў будынак ДФР, спасылаючыся на неабходнасць аказання сваім кліентам прававой дапамогі, аднак ім у гэтым перашкаджаюць. Паводле інфармацыі, размешчанай на телеграм-канале прэс-службы,  "адвакаты адправілі на пошту ДФР і КДК апавяшчэнне аб прыняцці абароны, але на дадзены момант адказу няма. Скаргу на затрыманне падаць таксама не ўдаецца".

У сукупнасці з заявамі ў дзяржаўных СМІ і выказваннямі дзеючага прэзідэнта ў адрас В. Бабарыкі, якія відавочна парушаюць прэзумпцыю невінаватасці, мы разглядаем сённяшнія дзеянні праваахоўных органаў Беларусі як працяг незаконнага, палітычна матываванага ціску на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якое выкарыстоўваецца з мэтай прымусіць яго адмовіцца ад свайго рашэння ўдзельнічаць у выбарах, а таксама пакараць за выказванне ім свайго меркавання аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне.

У гэтым звароце мы просім звярнуць пільную ўвагу таксама на парушэнне правоў аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы, у тым ліку права не падвяргацца адвольным затрыманням, права на доступ да юрыстаў для атрымання прававой дапамогі па абароне сваіх правоў, і звярнуцца да ўрада Беларусі з тэрміновым заклікам спыніць парушэнні правоў удзельнікаў выбарчай кампаніі, а таксама ўсіх іншых грамадзян і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па павазе і рэалізацыі правоў чалавека ў Беларусі.

Мы таксама просім Вас прыняць усе магчымыя крокі для таго каб урад Беларусі забяспечыў, каб беларускія адвакаты маглі выконваць усе свае прафесійныя абавязкі ў абстаноўцы, свабоднай ад пагроз, перашкод, запалохвання або неапраўданага ўмяшання; маглі бесперашкодна кансультавацца са сваімі кліентамі; не падвяргаліся санкцыям за любыя дзеянні, учыненыя ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, нормамі і этыкай, а таксама пагрозам такога пераследу і санкцый.

Мы будзем працягваць інфармаваць Вас аб далейшым развіцці сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Нагадаем, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуліся да Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека і шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў ААН з просьбай прыняць усе адпаведныя меры для аказання садзейнічання ў паляпшэнні бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ў правядзенні сумленных і справядлівых выбараў.

Гвалт, пагрозы, затрыманні. Праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН

Праваабаронцы просяць спецдакладчыкаў у межах адпаведных спецпрацэдур звярнуцца да ўраду Беларусі з просьбай прыняць неадкладныя меры па выкананню Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека

 Дадатковы зварот накіраваны на адрас Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне і Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў.