БХК накіраваў Спецыяльнаму дакладчыку па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі інфармацыю аб прыняцці Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні праекта Закона "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці".
Законапраектам прапануецца ўнесці ў санкцыю часткі 2 артыкула 356 КК змены, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага.
У паведамленні мы расказалі пра тое, якія дзеянні адносяцца да здрады дзяржаве, а таксама падалі спіс дзяржаўных службовых асоб, якія займаюць адказнае становішча, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.
БХК указаў, што ў адпаведнасці з заявай Палаты Прадстаўнікоў, мэтай такіх паправак з'яўляецца "аказанне стрымвальнага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве".
У сувязі з гэтым мы падкрэслілі, што менавіта няўхільнасць, а не цяжкасць пакарання, з'яўляецца стрымвальным фактарам пры здзяйсненні злачынства, а таксама нагадалі аб папраўках па пытанні прымянення смяротнага пакарання за падрыхтоўку і спробу здзяйснення злачынства тэрарыстычнага характару, унесеных у КК у маі 2022 года, якія мелі аналагічную мэту.
БХК зноў указаў, што публічнай дыскусіі па гэтым пытанні не праводзілася, у той час як абмеркаванне такіх складаных і далікатных пытанняў скрайне неабходнае.
На думку БХК, такія дзеянні могуць быць кваліфікаваныя як парушэнне Беларуссю сваіх абавязальніцтваў па міжнародным праве, у прыватнасці, пункта 2 артыкула 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якім гаворыцца, што смяротныя прысуды могуць быць вынесеныя толькі за самыя цяжкія злачынствы. Камітэт па правах чалавека, у сваю чаргу, растлумачыў у заўвагах агульнага парадку № 36, што тэрмін "найбольш цяжкія злачынствы" павінен тлумачыцца абмежавальна і азначаць толькі злачынствы скрайняй цяжкасці, звязаныя з наўмысным забойствам. Мы звярнулі ўвагу на пазіцыю Камітэта наконт таго, што, паколькі смяротнае пакаранне несумяшчальнае з поўным захаваннем права на жыццё, дзяржавам варта імкнуцца да яго абсалютнай адмены. А прыняцце дзяржавамі-ўдзельніцамі мер, якія дэ-факта прыводзяць да павелічэння колькасці выпадкаў і маштабаў прымянення імі пакарання смерцю, або да скарачэння колькасці выпадкаў прадастаўлення імі памілавання і змякчэння прысуду, супярэчыць прадмету і мэце артыкула 6.