Патрабуем прытрымлівацца міжнародных абавязкаў Беларусі ў сферы сэксуальных і рэпрадукцыйных правоў: сумесная заява праваабарончых арганізацый

3.07.2023

Генеральная пракуратура выступіла з ініцыятывай прыняць комплекс мераў, нібыта накіраваных на «абарону дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі».

Мы канстатуем, што ініцыятыва Генеральнай пракуратуры з’яўляецца неабгрунтаваным умяшальніцтвам дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян і  грамадзянак i супярэчыць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека, уключаючы сэксуальныя і рэпрадуктыўныя правы, а таксама выклікае пагрозу для розных уразлівых групаў (уключна, але не абмежавана – для ЛГБТК+ супольнасці, падлеткаў, жанчын).

Ініцыятыва супярэчыць шэрагу асноўных правоў чалавека:

●     праву не падпадаць пад адвольнае ці незаконнае ўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё (артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, далей – Пакт),

●     праву на свабоднае выказванне асабістага меркавання (артыкул 19 Пакта),

●     праву на абарону ад дыскрымінацыі (артыкул 26 Пакта).

Асабліва хочам падкрэсліць маніпулятыўны характар аргументаў, якія прыводзяцца ў абгрунтаванне падобных ініцыятываў:

  1. Свядомае атаясамліванне псіхічных расстройстваў альбо злачынстваў супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых з ладам жыцця альбо індывідуальнымі ўласцівасцямі – гэта маніпуляцыя грамадскай думкай, прыклад распальвання варожасці і стыгматызацыі сацыяльных групаў. Менавіта таму ініцыятыва выклікае асаблівы непакой у дачыненні да бяспекі ЛГБТК+ супольнасці, прадстаўнікі і прадстаўніцы якой, безумоўна, сутыкнуцца з такімі наступствамі, як:
  • узмацненне сацыяльнай стыгмы;   
  • павелічэнне рызыкі гвалту на падставе нянавісці.

Нагадваем, што пытанні сэксуальнай ідэнтычнасці, гендэрнай ідэнтыфікацыі і рэпрадуктыўнага выбару грамадзян і грамадзянак адносяцца да пытанняў асабістага жыцця і не павінны кантралявацца дзяржаўным інстытуцыямі. Несупадзенне маральных установак грамадзян і грамадзянак не з’яўляецца дастатковай падставай альбо абгрунтаваннем для пераследу ці для абвяшчэння ладу жыцця злачынным.
 

2.Пазбаўленне падлеткаў доступу да інфармацыі аб сваёй сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці ўзмацняе імавернасць гвалту і рызыкоўных паводзінаў.     
 

3.Права жанчын здзяйсняць незалежны і самастойны рэпрадуктыўны выбар не павінна трапляць у адзіны шэраг са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых. Гэта небяспечная маніпуляцыя і несправядлівае параўнанне, якое садзейнічае фарміраванню шкоднага стэрэатыпу, правакуе рост нецярпімасці і гвалту ў грамадстве.

Мы таксама адзначаем, што адпаведна міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека пакаранне, незалежна ад цяжкасці правапарушэння, не павінна парушаць абсалютную забарону на катаванні і іншыя бязлітасныя і бесчалавечныя віды пакаранняў, якія прыніжаюць чалавечую годнасць, да якіх адносіцца прымусовая хімічная кастрацыя. Беларусь з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай Канвенцыі ААН супраць катаванняў і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Забарона на катаванні замацаваная ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Мы таксама занепакоеныя тым, што патэнцыйныя мішэні дадзеных заканадаўчых ініцыятываў будуць пазбаўленыя мінімальных гарантыяў прававой абароны ў сытуацыі глыбокага прававога крызісу, у якім апынуліся найважнейшыя інстытуты дзяржавы, у тым ліку суд і адвакатура.

 

На падставе вышэй пададзенных тэзаў мы заклікаем беларускія ўлады:

●  адмовіцца ад прапанаванай ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, бо яна парушае асноўныя грамадзянскія правы;

●  адмовіцца ад любых заканадаўчых зменаў і ініцыятываў, наступствамі якіх будзе яшчэ большая дыскрымінацыя ЛГБТК+ супольнасці і ўзмацненне нецярпімасці і гвалту ў грамадстве;

●  трымацца міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека праз гарманізацыю заканадаўства і практыкі яго ўжывання.

 

Заклікаем міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць ініцыятыву беларускіх уладаў і далучыцца да нашых патрабаванняў адмовіцца ад дыскрымінацыйных заканадаўчых планаў, якія парушаюць недатыкальнасць асабістага жыцця, права на свабоду ад катаванняў і дыскрымінацыі.

 

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Respect – Protect – Fulfill

Human Constanta

Прававая ініцыятыва

Вясна

Lawtrend

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА»

Фемгрупа Каардынацыйнай Рады