У ліпені Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta ў супрацоўніцтве з Беларускім ПЭНам і Lawtrend накіравалі Камітэту альтэрнатыўны даклад аб выкананні дзяржавай асобных абавязальніцтваў па барацьбе з расавай дыскрымінацыяй. Тут пералічаныя праблемы, якія БХК і партнёры палічылі самымі вострымі і важнымі ў беларускім кантэксце.
У жніўні Камітэт разгледзеў аб'яднаныя даклады (Беларусь павінна была даць справаздачу аб выкананні сваіх абавязальніцтваў яшчэ ў 2020 г.), якія накіроўвала дзяржава - з імі можна азнаёміцца тут. Па выніку разгляду нацыянальных дакладаў Камітэт прымае заключныя заўвагі, у якіх падсвятляюцца станоўчыя аспекты палітыкі дзяржавы ў сферы барацьбы з расавай дыскрымінацыяй, а таксама выказваюцца падставы для занепакоенасці і рэкамендацыі для выпраўлення сітуацыі.
[Нагадаем: вызначэнне расавай дыскрымінацыі шырэйшае, чым можа падацца: пад ёй прынята разумець неабгрунтаваную розніцу ў стаўленні, якая можа быць абумоўленая не толькі расай і колерам скуры чалавека, але таксама родавым/этнічным паходжаннем ці нацыянальнасцю.]
У чым Камітэт убачыў прагрэс?
Сябры Камітэта станоўча ацанілі наступныя меры:
-
прыняцце Закона аб абароне персанальных звестак і Закона аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі,
-
дзеянне Праграмы развіцця міжканфесійных, міжэтнічных адносін і супрацоўніцтва з прадстаўнікамі этнічных груп, якія пражываюць за мяжой, а таксама Праграмы развіцця міжнацыянальных адносін,
-
а таксама правядзенне ўсеагульнага перапісу насельніцтва ў 2019-м годзе.
Акрамя таго, вітаецца абяцанне ўладаў далучыцца да Канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954 года і Канвенцыі аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года.
На гэтым станоўчыя аспекты ў палітыцы дзяржавы, якім-небудзь чынам звязаныя з барацьбой супраць расавай дыскрымінацыі, заканчваюцца.
Што выклікала асаблівую занепакоенасць Камітэта?
Сябры Камітэта звярнулі асаблівую ўвагу на наступнае:
-
па-ранейшаму не прынятае ўсёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, якое замацоўвала б, між іншага, выразную і недвухсэнсоўную забарону расавай дыскрымінацыі ў фармулёўках першага артыкула Канвенцыі,
-
судовая сістэма на практыцы залежыць ад палітычнага кантролю і ўплыву; дзяржава не можа гарантаваць належнае адпраўленне правасуддзя,
-
адсутнічае інфармацыя аб правядзенні расследаванняў і прыцягнення да адказнасці вінаватых у празмерным ужыванні сілы, катаванняў, бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць стаўлення да мірных пратэстуючых у жніўні 2020 г. і пасля,
-
нягледзячы на завярэнні дзяржавы ў паслядоўным правядзенні палітыкі па свабодным развіцці культур, моваў і традыцый усіх нацыянальных супольнасцяў, Камітэт звярнуў увагу на шматлікія неправамерныя абмежаванні правоў нацыянальных меншасцяў, а таксама людзей, якія жывуць з ВІЧ, і іх стыгматызацыю.