
UPD. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі ў двух чытаннях законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне“. Амністыя не закране людзей, якія выказалі грамадзянскую нязгоду.
Заклік да дзеяння: пачніце прымаць меры для пераадолення нацыянальнага крызісу і скарыстайце амністыю, каб вызваліць людзей, якія выказалі грамадзянскую нязгоду.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Прававая ініцыятыва, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Respect-Protect-Fulfill, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнуліся да Палаты прадстаўнікоў перад разглядам праекта закона "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне". Копія звароту была накіравана ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У цяперашняй рэдакцыі праекта закона аб амністыі, прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, выключана магчымасць прымянення амністыі да асуджаных па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія актыўна ўжываліся ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і асоб, не згодных з палітыкай дзяржавы. Такі падыход супярэчыць прынцыпам справядлівасці, гуманізму і павагі да правоў чалавека.
Большасць асуджаных, якія не падпадаюць пад дзеянне законапраекта ў яго цяперашняй рэдакцыі, была асуджана за рэалізацыю правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі (у тым ліку права на свабоду выказвання меркавання і мірныя сходы). Гэтыя людзі не ўжывалі гвалтоўных метадаў падчас рэалізацыі сваіх правоў. Значная частка такіх асуджаных цяпер знаходзіцца ў надзвычай уразлівым стане з-за ўзросту, стану здароўя і ўмоў утрымання, якія могуць разглядацца як жорсткае і прыніжаючае годнасць пакаранне. Адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі і цяжкія ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі ствараюць пастаянную пагрозу жыццю і здароўю людзей.
Вызваленне гэтых людзей, якія не нанеслі шкоды жыццю і здароўю іншых, у межах амністыі стала б не толькі актам справядлівасці, але і важным крокам да пераадолення нацыянальнага крызісу, аднаўлення даверу ў грамадстве, палягчэння фізічных і маральных пакут не толькі асуджаных, але і іх блізкіх. Каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, павага да чалавечай годнасці, правоў і свабод з’яўляюцца фундаментальнымі прынцыпамі міжнароднага права і “мэтай грамадства і дзяржавы”, як гэта зафіксавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронцы заклікаюць адмовіцца ад дыскрымінацыйнага падыходу і распаўсюдзіць дзеянне амністыі на ўсіх асоб, асуджаных за так званыя злачынствы “экстрэмісцкай накіраванасці”, перагледзеўшы адпаведным чынам абзац 11 артыкула 13 законапраекта, выключыўшы абзац 14 гэтага ж артыкула і словы "а таксама злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці" з часткі 3 артыкула 12 законапраекта.
Праваабаронцы перакананыя, што такое рашэнне стане праявам палітычнай дальнабачнасці, гуманізму і павагі да фундаментальных правоў чалавека, неабходных для пераадолення глыбокага нацыянальнага крызісу і прасоўвання Беларусі да міру, справядлівасці і паступовага аднаўлення прававой дзяржавы.