Беларускі Хельсінкскі Камітэт праінфармаваў Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый і Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі аб тым, што ў Крымінальны кодэкс вярнуўся артыкул 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай або раней ліквідаванай грамадскай арганізацыі, палітычнай партыі ці рэлігійнай арганізацыі.
Мы лічым, што паўторнае ўвядзенне гэтага пакарання з'яўляецца адным з інструментаў у кампаніі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Замацаванне крымінальнай адказнасці за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый выклікае сур'ёзныя асцярогі ў сувязі са складанай працэдурай рэгістрацыі няўрадавых арганізацый, існуючай ў Беларусі, якая дазваляе маніпулятыўна адмаўляць у рэгістрацыі. У Беларусі дзейнічаюць вельмі строгія патрабаванні да рэгістрацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія даюць уладам шырокі спектр магчымасцей для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі любой новай арганізацыі.
Больш за тое, вяртанне ў Крымінальны кодэкс артыкула 193-1 выклікае крайнюю занепакоенасць пасля таго, як каля 500 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі прымусова ліквідаваны ці прынялі рашэнне аб ліквідацыі пад ціскам уладаў. Цяпер кіраўніцтва такіх арганізацый і іх сябры, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць быць падвергнуты допытам, ператрусам, затрыманням і крымінальнаму пераследу.
Мы папрасілі Спецдакладчыкаў звязацца з беларускім урадам і пераканаць перагледзець сваё рашэнне аб крыміналізацыі ўдзелу ў дзейнасці незарэгістраваных ці раней ліквідаваных арганізацый, а таксама не прымяняць артыкул 193-1 на практыцы, паколькі такія дзеянні з'яўляюцца парушэннем міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне свабоды асацыяцый.
_
Таксама рэкамендуем прачытаць кароткі разбор гэтага артыкула ад нашых калег .
У 2011 годзе Венецыянская камісія Савета Еўропы ў спецыяльным заключэнні па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі заявіла, што "само існаванне артыкула 193-1 аказвае астуджальны эфект на дзейнасць няўрадавых арганізацый" і што "абмежаванне з'яўляецца настолькі жорсткім, што яно не толькі абмяжоўвае свабоду аб'яднанняў, але і свабоду меркаванняў і іх выказванне ў неапраўданай ступені". Глядзіце падрабязней: Меркаванне аб адпаведнасці ўніверсальным стандартам у галіне правоў чалавека артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса аб правах незарэгістраваных аб'яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, прынятае Венецыянскай камісіяй на 88-й пленарнай сесіі (Венецыя, 14-15 кастрычніка 2011 года)