Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, рашуча пратэстуем супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў па ўсёй краіне напярэдадні масавых мерапрыемстваў у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама падчас і пасля правядзення мірных сходаў. Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка супрацоўнікі органаў унутраных спраў затрымалі не менш як 110 чалавек. У дачыненні як мінімум 12 чалавек у г. Мінску былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).